Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Элізабэт Шрэдтэр: "Беларусь застанецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх палітыкаў"


Радыё Свабода, Менск У Страсбуры на сэсіі Эўрапарлямэнту пройдуць дыскусіі адносна рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі, якую эўрапарлямэнтары плянуюць ухваліць у чацьвер. За дэбатамі будзе назіраць лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Эўрапарлямэнтары распрацуюць сёньня фінальную вэрсію праекту рэзалюцыі. Яна будзе прынятая з улікам ацэнкі прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі і сытуацыі, якая склалася пасьля выбараў. Чакаецца, што ў гэтым дакумэнце будуць вельмі сур’ёзныя палажэньні — аб забароне на ўезд беларускіх чыноўнікаў у краіны Эўразьвязу, аб актывах і грашох Аляксандра Лукашэнкі, аб прэзыдэнцкіх выбарах і будучай палітыцы Эўразьвязу дачынна Беларусі.

Паводле Элізабэт Шрэдтэр, рэзалюцыя збольшага ня будзе адрозьнівацца ад таго, што Эўрапарлямэнт заяўляў раней.

(Шрэдтэр: ) “Да прыкладу, мы лічым, што выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным крытэрам, таму мы ня можам прызнаць іх вынікаў. Мы мяркуем, што грамадзяне мелі права на пратэсты, і мы лічым няправільным, што гэтыя пратэсты былі гвалтоўна спыненыя. Мы сымпатызуем дэманстрантам”.

Спадарыня Шрэдтэр зьвяртае таксама ўвагу на тое, што эўрапарлямэнтары абмяркуюць пытаньне санкцыяў адносна Беларусі.

(Шрэдтэр: ) “Мы перакананыя, што міжнародная супольнасьць і, натуральна, Эўразьвяз, з аднаго боку, увядуць санкцыі адносна асобаў, адказных за здушэньне дэманстрацыяў пратэсту і фальшаваньне выбараў. З другога боку, мы будзем падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у яе імкненьні да дэмакратыі. А таксама мы мяркуем падтрымаць мэдыі, якія даносяць да грамадзянаў незалежную інфармацыю”.

Элізабэт Шрэдтэр заўважыла, што Беларусь застанецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскіх палітыкаў. Пра гэта Шрэдтэр мяркуе заявіць на пленарным паседжаньні.

(Шрэдтэр: ) “Гэты працэс, які пачалі дэманстранты разам з Аляксандрам Мілінкевічам, азначае вялікія спадзяваньні для краіны. І мы павінны падтрымаць гэты працэс. Я думаю, што гэта вельмі важна для людзей у Беларусі, што мы пра іх не забыліся”.

Спадарыня Шрэдтэр сказала, што ў чацьвер адбудзецца сустрэча дэлегацыі Эўрапарлямэнту для сувязяў з Беларусьсю з Аляксандрам Мілінкевічам. Сёньня Мілінкевіч таксама правядзе ў Страсбуры сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG