Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Аўстрыі ў ПАРЭ: Мы рыхтуем плян дзеяньняў адносна Беларусі


Радыё Свабода Кіраўнік аўстрыйскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Міхаэль Шпіндэлегер сустракаўся зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам падчас ягонага візыту ў Вену ў панядзелак. Спадар Шпіндэлегер зазначыў сёньня ў інтэрвію Радыё Свабода, што ён задаволены размовай зь Мілінкевічам, ягонай інфармацыяй зь першых рук аб сытуацыі і штодзённым жыцьці ў Беларусі.

(Шпіндэлегер: ) “Я лічу, што гэтая сустрэча была вельмі карысная для нас. А таксама я мяркую, што гэта быў вельмі добры знак для спадара Мілінкевіча, бо ён пабачыў у Аўстрыі, што мы вельмі падобныя да яго, што мы хочам дапамагаць яму і такім чынам спрыяць пабудове грамадзкай супольнасьці ў Беларусі”.

На гэтым тыдні Эўрапарлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі. Не застанецца ў баку і Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, якую прадстаўляе спадар Шпіндэлегер:

(Шпіндэлегер: ) “Я сказаў учора спадару Мілінкевічу, што мы зьбіраемся рэалізаваць адмысловы плян дзеяньняў на будучыню, адзін з пунктаў якога зьвязаны з правамі чалавека і дэмакратызацыяй ладу жыцьця, што ёсьць прыярытэтамі Рады Эўропы.

Мы таксама плянуем правесьці дэбаты па Беларусі і прыняць адпаведную рэзалюцыю, якая б ясна выказала думку, што мы сапраўды настойваем на дэмакратычным шляху для беларускага народу і што мы зьбіраемся падтрымаць спадара Мілінкевіча і ўсе арганізацыі, якія ён прадстаўляе ў вашай краіне”.

Асаблівую увагу Міхаэль Шпіндэлегер зьвярнуў на абвастрэньне праблемы палітвязьняў у Беларусі пасьля мінулых выбараў:

(Шпіндэлегер: ) “Для мяне ніколі ня могуць быць прымальнымі палітвязьні ў любой краіне. У некаторых дзяржавах Рады Эўропы ёсьць такія выпадкі, але мы ніколі ня можам зьмірыцца з гэтым… На наступным тыдні ў Страсбургу мы заслухаем справаздачу сяброў ПАРЭ, якія назіралі за выбарамі ў Беларусі, і праблема палітвязьняў будзе тым момантам, які прымусіць нас дзейнічаць адмысловым шляхам”.

Спадар Шпіндэлегер кажа, што, на ягоную думку, аўстрыйскі ўрад і кіраўніцтва Эўразьвязу не павінны ўводзіць нейкія эканамічныя санкцыі супраць Беларусі як краіны:

(Шпіндэлегер: ) “На маю думку, мы павінны падтрымліваць жыхароў Беларусі, гэта галоўны шанец на лепшае жыцьцё ў будучыні і галоўная пэрспэктыва ў палітыцы ўраду Аўстрыі і Эўразьвязу адносна Беларусі. У першую чаргу мы не павінны быць супраць кагосьці, а мы павінны быць "за": за грамадзянскую супольнасьць, за дэмакратычныя структуры, за вольныя выбары. І мы сапраўды хочам падтрымаць кожнага, хто жадае ствараць там дэмакратычны лад, падобны да таго, які мы маем ва ўсёй Эўропе”.

Спадар Шпіндэлегер нагадаў таксама, што Беларусь зможа вярнуць свой статус у Радзе Эўропы, толькі калі будуць выкананыя патрабаваньні адносна вольных выбараў, дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды выказваньняў.

Кіраўнік аўстрыйскай дэлегацыі ў ПАРЭ спадзяецца, што Радзе Эўропы і Эўразьвязу ўдасца ўплываць на сытуацыю ў Беларусі празь іх кантакты з Расеяй, і лічыць, што пытаньне дэмакратызацыі Беларусі павінна ставіцца пад час кожнай такой сустрэчы з расейскім кіраўніцтвам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG