Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праваслаўная царква адмовілася ад фільмаў Азаронка?


Радыё Свабода Беларуская Праваслаўная царква адмовілася ад супрацоўніцтва з рэжысэрам-дакумэнталістам Юрыем Азаронкам. Плянавалася, што 6 красавіка ў часе адкрыцьця IV духоўна-асьветніцкага фэстывалю “Вербны кірмаш” адбудзецца творчая сустрэча з Азаронкам і паказ у Палацы мастацтваў ягоных стужак з сэрыі “Духоўная вайна”. Аднак жа, як паведамілі ў менскім Эпархіяльным упраўленьні, фільмы, заснаваныя на ідэалягічнай нецярпімасьці, могуць дыскрэдытаваць Беларускую Праваслаўную царкву й яе кіраўніцтва ў вачох прыхаджан ды грамадзкасьці.

Ад пачатку ў праграме фэстывалю “Вербны кірмаш” быў заплянаваны паказ стужак намесьніка кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Юрыя Азаронка, вядомага сваім нэгатыўным стаўленьнем да апанэнтаў рэжыму. Аднак за два дні да гэтага Беларуская Праваслаўная царква адмовілася ад паслуг дзяржаўнага кінавытворцы. Сьвятары й вернікі выступілі супраць ідэалягізацыі імпрэзы й зьвярнуліся да царкоўнага кіраўніцтва з просьбай ануляваць запрашэньне Азаронку. Паводле тэксту звароту да Ўладыкі Філарэта, сам факт прысутнасьці Азаронка на кірмашы можа дыскрэдытаваць Беларускую Праваслаўную царкву й яе кіраўніцтва ў вачох грамадзкасьці. Гаворыць прадстаўнік Эпархіяльнага ўпраўленьня Андрэй Петрашкевіч.

(Петрашкевіч: ) “Увогуле, гэта так. Бо я й сам зьдзівіўся — гэта чыстай вады палітыка. Пры чым тут царква? Але сам кірмаш не царква арганізуе, а таварыства “Экспабел”. Таму там праграма канчатковая й беспаваротная”.

Памочнік кіраўніка праваслаўных выставаў Тацяна Ярчак расказала, што творчая сустрэча з Юрыем Азаронкам сапраўды была заплянавана, але, з улікам пратэстаў царквы, яна не адбудзецца. Як указана ў прэс-рэлізе “Вербнага кірмашу”, удзельнікам не дазваляецца прэзэнтаваць матэрыялы, не адпаведныя з кананічнымі нормамі й правіламі Праваслаўнай царквы.

(Ярчак: ) “Гэтая сустрэча заменена іншымі мерапрыемствамі. А ўвогуле, адкрыцьцё заплянавана на 6 красавіка — міласьці просім”. Як стала вядома, замест “Духоўнай вайны” Азаронка наведнікам будуць паказаны фільмы больш надзённай тэматыкі: “Закладнікі жарсьцяў” (да праблемы алькагалізму й наркаманіі) і “Родная душа” (пра ігумена Нікана Вараб’ёва).



Сам Юры Азаронак гаворыць, што ні з кім сустракацца й не зьбіраўся: маўляў, яму тэлефанавалі арганізатары выставы, але ён ад пачатку заявіў, што 6 красавіка ягоны дзень расьпісаны па хвілінах. Спадар Азаронак ня згодзен з тым, што праз сваю творчасьць трапіў у нялітасьць да Беларускай праваслаўнай царквы.

(Азаронак: ) “Ня ведаю нават, пра што вы кажаце. Мне, праўда, тэлефанавала адна жанчына, спрабавала дамовіцца. Але я сказаў, што вельмі заняты. Да таго ж, шостага ў мяне ўвесь дзень літаральна па хвілінах расьпісаны. Таму ня ведаю, што вы маеце на ўвазе. Са мной з Эпархіі ніхто не кантактаваў. Тэлефанавала толькі нейкая жанчына, якая мае дачыненьне да арганізацыі гэтага кірмашу. Але запрашэньня ніякага не было, і ў маіх плянах гэтаксама не было такой сустрэчы”.

Юры Азаронак дэбютаваў на беларускім тэлеэкране напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году з фільмам “Нянавісьць: дзеці хлусьні”. Да наступнага плебісцыту ў 1996-м зьяўляецца чарговы ягоны твор пад назвай “Закуліса”. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году на БТ круцілі “Тайныя спружыны палітыкі”. Пасьля непрацяглай працы ў прэс-службе Генэральнай пракуратуры Азаронак зноў запатрабаваны: перад чарговым рэфэрэндумам у 2004 годзе ён “здае” прапагандысцкі трылер “Канспіралёгія”, намінаваны на прэзыдэнцкую прэмію “За высокія творчыя дасягненьні”. Летась Аляксандар Лукашэнка прызначае Азаронка намесьнікам кіраўніка Нацыянальнай телерадыёкампаніі. Напярэдадні сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі ў сьціслыя тэрміны створаны сэрыял “Духоўная вайна”. Са стваральнікам прапагандысцкіх карцін неаднаразова спрабавалі судзіцца, а Мікола Статкевіч пасьля выхаду “Дзяцей хлусьні” даў Азаронку аплявуху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG