Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра так званую “саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі”


Радыё Свабода Ці адчуваеце, што жывяце ў саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі? Ці стала яна, на вашую думку, за дзесяць гадоў рэальнай адзінай краінай? На гэтыя пытаньні сёньня, калі ў Беларусі і Расеі на афіцыйным узроўні адзначаецца 10-годзьдзе пачатку інтэграцыі, адказвалі гарадзенцы.

(Спадар: ) “Можа, у нас гэта ня вельмі адчуваецца, але туды, бліжэй да Расеі, там ужо нейк болей гэта адчуваецца. Але каб сказаць, што рэальна адчуваеш саюзную дзяржаву, дык не, ня вельмі адчуваеш”.

(Спадарыня: ) “Не, я нічога не адчуваю, пакуль што гэта толькі на словах існуе. Дзесяць гадоў пра саюз гаворыцца, а насамрэч яго пакуль і няма зусім”.

(Спадар: ) “Ды вы ведаеце, я ўжо дзесяць гадоў чакаю, калі ж мы нарэшце аб’яднаемся. Але думаю, што ўсё роўна нічога ня будзе, калі Расея будзе выстаўляць умовы, што грошы будуць у іх друкаваццца, а ў нас нічога, дык з нашым прэзыдэнтам нічога не прасунецца. Тым болей, у яго цяпер пяць гадоў запасу, і для яго няма сэнсу аб’ядноўвацца з Расеяй. Малаверагодна, што нешта будзе. Шчыра кажучы, трэба сябраваць з усімі, гэта маё асабістае меркаваньне. Ну, што тая Расея? Яна, канечне, для нас шмат што значыць у сэнсе газу, нафты. Але і Эўропа нам вельмі шмат дае. Ну, нельга ж адварочвацца ад Эўропы дзеля Расеі і наадварот!”

(Маладзён: ) “Нічога пра саюз ня ведаем, мы навінаў не глядзім”.

(Сяброўка: ) “Але мы думаем, што гэта блеф”.

(Студэнт: ) “Гэта ўсё на словах. І я ўвогуле супраць саюзнай дзяржавы, я лічу, што нашая краіна павінна быць незалежнай, і саюзная дзяржава — гэта адна з формаў расейскага шавінізму і анэксіі нашай краіны”.

(Сябра: ) “А я лічу, што гэта вынік посткаляніяльнага мысьленьня і ўвогуле адна з картаў, разыграных Лукашэнкам”.

(Студэнт: ) “Таксама магу сказаць, што гэтага саюзу не відаць, і яго ня можа быць відаць, бо Лукашэнка гаворыць аб раўнапраўным саюзе з Расеяй, а гэтага быць проста ня можа па вызначэньні, бо Расея ніколі ня зможа адмовіцца ад сваіх імпэрскіх амбіцыяў, яна заўжды бачыла Беларусь сваёй вобласьцю, і гэтак будзе заўсёды”.

(Малады спадар: ) “Ну, напэўна ж нешта ёсьць, калі саюзная дзяржава створана. Па-першае, нейкія зрухі ў прамысловасьці адбываюцца: Расея нам, мы — Расеі. Але хутчэй за ўсё пакуль што існуе саюз дзьвюх дзяржаваў, як адна краіна саюз пакуль не стварыўся, яшчэ зарана”.

(Школьнік: ) “Думаю, гэта больш на словах існуе. Чагосьці такога не адчуваецца зусім. Я думаю, што аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў нікому не патрэбна. Кантакты будуць захоўвацца, але каб аб’ядналіся дзьве краіны — дык гэта наўрад”.

(Спадар: ) “Я ўвогуле думаю, што нешта ёсьць, але каб сказаць, што сапраўды існуе саюзная дзяржава — дык не. Камусьці з палітыкаў гэта выгадна, каб праводзіць нейкія палітычныя рашэньні. Мне асабіста меркаваць цяжка: пагадзіцеся, у нас замала апазыцыйных газэтаў, мы калі і чуем нешта — дык афіцыйныя меркаваньні, таму скласьці ўласнае меркаваньне ў нашай краіне сёньня, я лічу, праблематычна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG