Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грамада” зьбірае подпісы за вызваленьне свайго лідэра А.Казуліна


Радыё Свабода Беларуская сацыал-дэмакратычная партыя “Грамада” зьбірае подпісы за вызваленьне Аляксандра Казуліна пад паручыцельства. Паводле актывістаў “Грамады”, падпісаць дакумэнты за вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта заклікалі людзей розных палітычных поглядаў.

Актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” пачалі кампанію за вызваленьне свайго лідэра. Дзеля гэтага вырашылі скарыстаць магчымасьць зьмены меры стрыманьня для Аляксандра Казуліна праз паручыцельствы. Як паведамілі ў штабе Аляксандра Казуліна, там склалі лісты, якія прапанавалі падпісаць шэрагу вядомых асобаў. Гэта заявы пра тое, што спадар Казулін не ўцячэ з краіны, пакуль будзе ісьці сьледзтва паводле ягонай справы.

Паводле закону, дастаткова двух подпісаў, каб сьледзтва магло выпусьціць арыштаванага пад падпіску пра нявыезд. Адзін зь лідэраў “Грамады” Ўладзімер Нісьцюк паведаміў “Свабодзе” пра далейшы лёс лістоў з подпісамі.

(Нісьцюк: ) “Цяпер у мяне дванаццаць такіх лістоў. Пакуль я ня буду сьпяшаццца, называць прозьвішчы людзей. Калі будуць сабраны першыя дваццаць подпісаў, мы ва ўсе мэдыі паведамім прозьвішчы, а лісты накіруем генэральнаму пракурору”.

Акрамя гэтага, актывісты “Грамады” пачалі збор подпісаў грамадзянаў за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Зьбіраюць подпісы сярод знаёмых і сяброў, а таксама ў працоўных калектывах. Праз пэўны час пачнуць зьбіраць подпісы ў пікетах — адпаведныя заяўкі аб дазволе на пікеты ўжо падаюцца мясцовым уладам, паведамілі ў штабе Аляксандра Казуліна.

Да таго ж, адвакаты Аляксандра Казуліна рыхтуюць хадайніцтва аб зьмене для яго меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд. Тым часам сьледзтва паводле справы Казуліна яшчэ не правяло мэдычнай экспэртызы стану ягонага здароўя. Адвакат Ігар Рынкевіч паведаміў, што яму не вядома, чаму экспэртыза яшчэ не праведзена.

Аляксандар Казулін быў арыштаваны 25 сакавіка пасьля разгону шэсьця да турмы на Акрэсьціна. Былога кандыдата на прэзыдэнта абвінавачваюць у хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG