Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяркуецца, што пасьля інаўгурацыі Лукашэнка выйдзе на Кастрычніцкі пляц


Радыё Свабода Інаўгурацыя прэзыдэнта Беларусі адбудзецца 8 красавіка. Мяркуецца, што ўрачыстая цырымонія будзе наладжана ў Палацы Рэспублікі й на Кастрычніцкім пляцы.

Што да парадку цырымоніі, кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі быў нешматслоўным.

(Лёгкі: ) “Пакуль у мяне няма дакумэнту, які зацьвярджаў бы сам парадак цырымоніі. Магчыма, ён ёсьць, але ў мяне яго няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас служба пратаколу, цырымоній — можна зь ёй зьвязацца?”

(Лёгкі: ) “На жаль, не. Яны вам таксама нічога ня скажуць. Таму што падрабязнасьці такой цырымоніі мусяць быць крыху нечаканымі. А калі ўжо ўсё вядома: што, як — гэта ўжо ня так цікава”.

Хто будзе запрошаны з замежных гасьцей — таксама вялікі сакрэт. Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі накіраваў з гэтым пытаньнем у МЗС. Прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Андрэй Папоў быў зьдзіўлены.

(Папоў: ) “Гэта мерапрыемства, якое рыхтуецца Адміністрацыяй прэзыдэнта. У мяне ніякіх зьвестак пра тое, хто будзе запрошаны з замежных гасьцей, няма. І ўвогуле, я не ўпэўнены, што Міністэрства замежных справаў займаецца гэтым пытаньнем”.

Такім чынам, ці будуць замежныя госьці, пакуль невядома. Дарэчы, на інаўгурацыі расейскага прэзыдэнта Пуціна замежных гасьцей не было.

Як зазначыў сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, тэрміну “інаўгурацыя” наагул у беларускім заканадаўстве няма — ёсьць “уступ на пасаду”.

Пасьведчаньне прэзыдэнта ўручыць Аляксандру Лукашэнку старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яно скураное, бардовага колеру, тэкст друкаваны, наяўнасьць фатаздымку не прадугледжана.

Аляксандар Лукашэнка будзе прысягаць на Канстытуцыі. Для гэтага маецца адмысловы асобнік, якія захоўваецца ў Адміністрацыі: вокладка скураная, літары вышываныя залатымі ніткамі, уручную. Побач будуць разьмешчаны прэзыдэнцкі штандар і чырвона-зялёны сьцяг з вышываным гербам. Іншага адмысловага прэзыдэнцкага знаку ў Аляксандра Лукашэнкі няма. У Пуціна, да прыкладу, ёсьць яшчэ залаты крыж пад рубінавай эмальлю.

Мяркуецца, што пасьля прыняцьця прысягі Аляксандар Лукашэнка выйдзе на Кастрычніцкі пляц. Для гэтага ў Віцебску ўжо выткалі чырвоную дывановую дарожку — каля двухсот мэтраў даўжыні. Па Кастрычніцкім пляцы ўрачыста прамаршыруюць войскі й дадуць клятву галоўнакамандуючаму. Але гэта не парад, папросту — праход войскаў. Салюту ня будзе. Магчыма, увечары на Кастрычніцкім пляцы арганізуюць канцэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG