Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ноч зь нядзелі на панядзелак будзе вызвалена каля 100 чалавек


Радыё Свабода, Менск У нядзелю выйшла на волю каля дзясятка чалавек з разьмеркавальніка на Акрэсьціна, якія былі затрыманыя яшчэ падчас існаваньня намётавага лягеру. А ў ноч зь нядзелі на панядзелак будзе вызвалена даволі вялікая група – каля 100 чалавек. Гэта ў асноўным тыя, хто быў затрыманы пры разгроме намётавага лягеру ў ноч з 23-га на 24-га сакавіка і атрымаў 10 сутак.

У ноч з суботы на нядзелю на волю выйшаў намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён быў затрыманы ў першую ноч існаваньня намётавага лягеру, калі а 4-й гадзіне раніцы пайшоў і інтэрнет-кавярню Дома афіцэраў папіць гарачай гарбаты. Пры выхадзе з Дома афіцэраў яго затрымалі, пазначыўшы ў пратаколе, што спадар Янукевіч знаходзіўся ў намётавым гарадку на Кастрычніцкім пляцы і ўначы праводзіў мітынг, выкрыкваючы лёзунгі “Далоў дыктатуру”і “Ганьба”. Аляксей адседзеў на Акрэсьціна 12 сутак. Сядзеў у адной камэры з Анатолем Лябедзькам, які яшчэ застаецца ў ізалятары, і зь іншымі, затрыманымі яшчэ да разгону лягеру.

Распавядае Аляксей Янукевіч:

(Янукевіч: ) “Сёньня выходзілі ў асноўным тыя, хто атрымаў такія нестандартныя тэрміны, вось як, напрыклад, 12 сутак. Разам са мной выйшаў хлопец, таксама дзяўчына, якая атрымала 12 сутак, і яшчэ некалькі чалавек. Але сёньня ўначы выходзіла няшмат чалавек. Больш людзей будзе выходзіць з аўторка на сераду – гэта тыя, хто атрымаў па 15 сутак. Іх там яшчэ даволі шмат”.

А ў ноч зь нядзелі на панядзелак у асноўным будуць выходзіць тыя, хто быў затрыманы пры разгоне лягеру і атрымаў 10 сутак арышту. Распавядае праваабаронца Уладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Сёньня выйдзе больш за 100 чалавек, калі лічыць сумарна і спэцпрыёмнік на Акрэсьціна, і ізалятар часовага ўтрыманьня ў горадзе Жодзіна”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі яшчэ застанецца ў вязьніцах, хоць прыкладна?”

(Лабковіч: ) “Прыблізна каля ста чалавек. Сёньня ўначы будзе вялікая група, і заўтра вельмі вялікая група. Ужо пасьля гэтага застануцца тыя, хто атрымаў 15 сутак. Іх насамрэч каля 50 чалавек”.

Тут яшчэ варта адзначыць салідарнасьць людзей, далёкіх ад палітыкі, у дачыненьні да вязьняў, што адбываюць пакараньне, кажа Уладзімер Лабковіч.

(Лабковіч: ) “Праваабарончым арганізацыям аказваецца дапамога звычайнымі людзьмі, якія прыходзяць і пытаюцца, чым дапамагчы. Пастаянна пад Акрэсьціна і пад Жодзіна дзяжураць машыны звычайных людзей, якія самі выклікаліся дапамагаць з развозам палітзьняволеных, асабліва калі яны не жыхары Менска, і "жодзінцаў", якіх усіх трэба прывесьці ў Менск”.

Такім чынам, родныя і блізкія затрыманых, асабліва ў рэгіёнах, могуць не хвалявацца: усіх будуць сустракаць і развозіць па дамох.

Паводле ацэнак праваабаронцаў, падчас выбарчай кампаніі, з пачатку сакавіка і па 25-га сакавіка ўключна, у Беларусі было затрымана блізу 1200 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG