Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін адмовіўся ад дачы паказаньняў па сваёй справе


Радыё Свабода З Аляксандрам Казуліным у Жодзінскім ізалятары сустрэліся ягоныя жонка і дачка. Палітык паведаміў, што адмовіўся ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях па сваёй крымінальнай справе, паколькі лічыць яе сфабрыкаванай з палітычных матываў.

1 красавіка ў Жодзінскім ізалятары з Аляксандрам Казуліным сустрэліся ягоная жонка Ірына і дачка Юлія. Сваімі першымі ўражаньнямі са Свабодай падзялілася Ірына Казуліна.

(Казуліна: ) “Па-першае, я вельмі шчасьлівая, што яго ўбачыла. Я ўбачыла ягоныя вочы, якія сьвецяцца па-ранейшаму. Я бачу, што ён не зьмяніўся”.

Нагадаю, экс-кандыдат на прэзыдэнты знаходзіцца пад арыштам з 25 сакавіка. Яго абвінавачваюць ў злосным хуліганстве і арганізацыі вулічных непарадкаў.

Размова Казуліна са сваякамі праходзіла праз жалезныя краты і доўжылася 2 гадзіны. Найперш, Ірына Казуліна распавяла Свабодзе пра стаўленьне мужа да заведзенай супраць яго крымінальнай справы.

(Казуліна: ) “Ён адмовіўся ад дачы паказаньняў зусім – ён лічыць, што справу сфабрыкавалі, бо яна заведзеная з палітычных прычынаў. У сувязі з гэтай справай муж сказаў, што адзінае, чаго ён чакае – гэта суду. Бо толькі ў судзе магчыма разабрацца і паказаць усім беларусам, што ёсьць правакацыя ўладаў і расправа з палітычным апанэнтам”.

Паводле Ірыны Казулінай, яе муж не шкадуе, што 25 сакавіка ўзначаліў шэсьце часткі мітынгоўцаў ад сквэру Янкі Купалы да турмы на Акрэсьціна, бо ў іншым выпадку разгон дэманстрантаў мог быць больш брутальным.

(Казуліна: ) “Ён сказаў, што разумее, якая бойка была б, калі б ён не пайшоў з людзьмі, не заклікаў іх ісьці толькі па ходніках, не здолеў спыніць натоўп і павярнуць яго назад. Інакш наступствы гэтая акцыі былі б больш жорсткія”.

Аляксандр Казулін мяркуе, што ягоную справу будуць расьсьледаваць яшчэ цягам прынамсі двух месяцаў, сказала Ірына Казуліна.

Паводле яе, Аляксандр Казулін папраўляецца ад зьбіцьця падчас затрыманьня, але ў камэры ён прастыў, і цяпер праходзіць курс лячэньня ад бранхіту. Былому рэктару БДУ дазволілі чытаць кнігу па філязофіі, з дапамогай якой ён бавіць вольны час.

Ірына Казуліна сказала, што яе муж паінфармаваны аб асноўных падзеях у краіне, уключна нават з паведамленьнем пра намер Расеі з 2007 года падвысіць кошт газу для Беларусі ў 5 разоў. “Гэта было прадказальна”, пракамэнтаваў зьвесткі Казулін. Жонка палітыка сказала, што не пачула ад яго ніводнай скаргі на харчаваньне ці ўмовы ў камэры.

(Казуліна: ) “Усё ў яго выдатна, усё добра. Гэта словы, якія мы заўсёды ад яго чуем. Калі ёсьць хаця б мінімальныя ўмовы для жыцьця, ён ніколі ня скардзіцца. Нават сказаў, што да яго ставяцца вельмі паважліва, нават клічуць на “Вы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG