Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Разуваеў: заявы "Газпраму" – спосаб ціску на "даўжніка Расеі"


Радыё Свабода Чаму прапанова “Газпраму” аб эўрапейскай цане для Беларусі зьявілася менавіта зараз? Як гэты крок стасуецца з безагаворачнай дыпляматычнай і палітычнай падтрымкай, якую Масква аказвала Аляксандру Лукашэнку падчас выбарчай кампаніі і пасьля яе? Свае адказы на гэтыя пытаньні прапануе наш маскоўскі карэспандэнт Віктар Дзятліковіч.

(Карэспандэнт: ) "Заява старшыні "Газпраму" Аляксея Мілера аб тым, што з наступнага году Беларусь будзе атрымліваць газ па эўрапейскіх коштах, ня стала вялікай нечаканасьцю для ўдзельнікаў рынку. І крыніцы ў самім "Газпраме", і экспэрты-эканамісты сьцьвярджаюць, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася "Газпрамам" зь беларускім кіраўніцтвам даўно.

Маскоўскія назіральнікі гавораць, што галоўная прычына заявы "Газпраму" – гэта адсутнасьць канкрэтных вынікаў у перамовах аб продажы расейскаму канцэрну беларускай газатранспартнай сыстэмы. Нагадаю, што беларускі бок жадае атрымаць за кантрольны пакет акцыяў "Белтрансгазу" блізу пяці мільярдаў даляраў, у той час як расейскі бок згодны плаціць значна меншыя грошы. Гэтыя разыходжаньні настолькі сур''ёзныя, што, як адзначаюць экспэрты "Газпраму", зь мінулага году ў перамоўным працэсе не адбываецца абсалютна ніякіх зрухаў.

Як паведамілі крыніцы ў расейскім канцэрне, адзін зь ягоных кіраўнікоў Аляксандар Мядзьведзеў яшчэ ў студзені гэтага году знаходзіўся ў Менску і на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што калі ня будзе ніякіх саступак у пытаньнях уласнасьці, то "Газпрам" будзе разглядаць магчымасьць пераводу коштаў на газ на эўрапейскі ўзровень. Такім чынам, сёньняшнія заявы кіраўніцтва "Газпраму", на думку расейскіх экспэртаў, маюць на мэце прымусіць беларускі бок пайсьці на пэўныя саступкі ў перамоўным працэсе.

Вось што гаворыць адзін з экспэртаў, кіраўнік аналітычнага аддзелу фінансавай кампаніі "Мэга Траст Ойл" Аляксандар Разуваеў: "Для Беларусі ніякіх экспартных коштаў на газ у выніку ня будзе. Гэта яўны спосаб ціску на беларускія ўлады. "Газпрам", безумоўна, атрымае ўсю газатранспартную сыстэму Беларусі пад свой кантроль. Пасьля выбараў у Беларусі з-за вялікага ціску з боку Захаду А.Лукашэнка стаў у пэўнай меры даўжніком Расеі, і яму трэба гэты доўг аддаваць".

Такім чынам, экспэрты сыходзяцца на тым, што калі перамовы і пачнуцца, то яны хутчэй за ўсё скончацца перамогай расейскага газавага канцэрну, але кошты на газ для Беларусі застануцца на ранейшым узроўні. Канечне, толькі ў тым выпадку, калі "Газпрам" атрымае кантроль над газатранспартнай сыстэмай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG