Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыюш Машкевіч застаецца ў рэанімацыі


Алесь Дашчынскі, Менск Былы пасол Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч знаходзіцца ў рэанімацыі менскага клінічнага шпіталю №1, куды яго прывезьлі з турмы 29 сакавіка.

Марыюш Машкевіч быў затрыманы ўначы падчас разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы й асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.

У турме на Акрэсьціна спадар Машкевіч скардзіўся на моцны боль у грудной клетцы, і яго даставілі ў шпіталь з падазрэньнем на інфаркт. Наведаць яго сёньня дазволілі кіраўніку консульскага аддзелу польскай амбасады Кшыштафу Сьвідэрэку.

(Сьвідэрэк: ) “Учора мяне не пусьцілі. Я там быў, як толькі даведаўся, што спадара Машкевіча перавезьлі з арышту ў шпіталь. Калі даведаліся, што ён у рэанімацыі, то пачалі ўсе трывожыцца: што здарылася... Яго прывезьлі з болямі ў раёне сэрца. І паклалі ў рэанімацыю толькі таму, што ў кардыялягічным аддзяленьні не было вольнага месца?!”

Лекары адмовіліся падаваць інфармацыю пра стан здароўя спадара Машкевіча й адсылалі да старшыні камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітрыя Піневіча.

(Піневіч: ) “Нічога цяпер асабліва не пагражае. Гэта хранічнае захворваньне, ішэмічная хвароба сэрца. На інфаркт нічога нам пакуль не паказвае. Мабыць, нейкія стрэсорныя ўзьдзеяньні адбіліся на ягоным стане. На наш погляд, можа, яшчэ дзень-два трэба паляжаць у шпіталі, каб дактары крыху паназіралі”.

Спадар Піневіч дадаў цікавую дэталь:

(Піневіч: ) “Патрабавалася ўмяшаньне консула, каб наш хворы лёг у бальнічны ложак. Ён адмаўляўся шпіталізавацца. Мы настойвалі на гэтым настойвалі й настойваем цяпер: яму пару дзён трэба знаходзіцца ў шпіталі”.

Чаму ж спадара Машкевіча паклалі не ў кардыялёгію, а ў рэанімацыю?

Паводле спадара Піневіча, лекары вырашылі паназіраць больш пільна за станам здароўя арыштаванага. Чыноўнік таксама сказаў, што наведаць Марыюша Машкевіча дазваляецца толькі консулу й блізкім, родным былога пасла.

Спадар Машкевіч скардзіўся, што быў зьбіты, калі яго везьлі з плошчы ў турму на вуліцу Акрэсьціна. А потым да яго доўга не дапускалі польскіх дыпляматаў і лекара. Амбасада Польшчы перадала ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, у якой прасіла дазволу на мэдычнае асьведчаньне Марыюша Машкевіча. Дзьмітрый Піневіч сказаў, што гэтае асьведчаньне было праведзена:

(Піневіч: ) “Мы не знайшлі ніводнага сымптому, які паказваў бы на нейкае зьбітае скураное покрыва ці нешта яшчэ — ня бачылі”.
XS
SM
MD
LG