Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Сьнітко: “Гэта быў тыдзень Свабоды”


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля разгрому намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне, зьбітыя. Журналістка “Нашай Нівы” Тацяна Сьнітко пасьля пяці сутак “адсідкі” у Жодзіне выйшла на волю.

У Тацяны Сьнітко двое непаўналетніх дзетак, таму яна атрымала мінімальны тэрмін. Што прывяло яе на Кастрычніцкі пляц?

(Сьнітко: ) “Я павінна бачыць з самага пачатку і да самага канца жыцьцё людзей на гэтай плошчы. Я павінна была валодаць гэтай інфармацыяй, таму што я разумела, што ўлады пры горшым разьвіцьці падзеяў паспрабуюць усё гэта зганьбіць. Так і адбылося. Па-другое, я адчувала такое грамадзянскае пачуцьцё, якое штурхала мяне прысутнічаць. Нават і ня ведаю, што пераважала”.

Па жыцьці Тацяна – экстрэмалка. Некалькі гадоў таму яна паехала ў гарачую кропку – у Чачню. Я запыталася ў яе мужа, Зьмітра Гарбунова, ці ня цяжка жыць з такім актыўным чалавекам?

(Гарбуноў: ) “У сэнсе пабытовым? Маўляў, жонка павінна рабіць тое, тое – можа скласьціся ўражаньне, што ў мяне ўзьнікаюць цяжкасьці з гэтым. Але гэта мяне не абцяжарвае, бо я даўно ўжо прызвычаіўся гэта ўсё рабіць сам. Добра ў тым сэнсе, што мы адзін аднаго разумеем. А наконт апошняга выпадку, калі трэба было канчаткова вырашыць, што рабіць на плошчы, калі быў ужо магчыма “хапун”, калі яна вырашыла, што трэба заставацца, каб быць, па-першае, з народам, а па-другое, выконваць свой прафэсійны абавязак, то я зразумеў яе. Нават ніводнае хвіліны ў мяне не было ніякіх сумненьняў”.

Самае яркае ўражаньне і на плошчы, і ў вязьніцы, кажа Тацяна Сьнітко…

(Сьнітко: ) “...Гэта быў дух людзей. Мяне ўразіла, што сабраліся вельмі розныя людзі, у звычайным жыцьці яны, можа, ніколі б не пазнаёміліся. Разумееце, калі побач дзяўчаты-эвангелісткі, якія сьпяваюць малітвы, а разам зь імі хлопцы-панкі. І яны ўсе кажуць пра радзіму, пра Беларусь. І так гэта шчыра ў іх! Разумееце, пачуцьцё еднасьці, пачуцьцё пляча побач”.

Самае цяжкае ў вязьніцы, лічыць Тацяна, – адсутнасьць інфармацыі. Пра тое-сёе яны даведваліся з афіцыйных навінаў – у камэры працавала радыё “Сталіца”. Зь інфармацыі пра пікеты БРСМ каля замежных амбасадаў зрабілі свае высновы. А яшчэ ў адной дзяўчыны цудам застаўся мабільнік, ёй расказалі пра Дзень Волі, і гэтыя зьвесткі па вэнтыляцыі імгненна распаўсюдзіліся па Жодзінскім СІЗА…

Пра Тацяну Сьнітко ўзгадвае намесьнік рэдактара “Нашай Нівы” Андрэй Скурко.

(Скурко: ) “Калісьці ў “Нашай Ніве” друкаваліся яе рэпартажы з Каўкаскай вайны. Гэта ня першая яе акцыя. У яе рэдкая (была, напэўна, да апошніх дзён) рыса – умее размаўляць з самымі маўклівымі прадстаўнікамі сілавых ведамстваў. Яна наўпрост падыходзіць да спэцназаўцаў і пытаецца: “Як схадзіць ў інтэрнет-кавярню, каб мяне не забралі?” Ёй тлумачаць… Гэта пры тым, што яна маці дваіх дзяцей. Такіх людзей звычайна Бог ахоўвае. Будзем спадзявацца, што так будзе і надалей”.

Пасьля выхаду з СІЗА першае, што зрабіла Тацяна, – панесла перадачы тым, хто застаецца за кратамі. Цяпер рыхтуе сэрыю рэпартажаў у “Нашу Ніву”.

(Сьнітко:) “Я тут падлічыла, што лягер пратрымаўся столькі ж, колькі я была ў зьняволеньні. Калі скласьці разам, гэта тыдзень майго жыцьця. Я б сказала, што гэта тыдзень свабоды. Таму што мы спачатку выстаялі, потым мы выседзелі. На жаль, многія застаюцца там. І я адчуваю пастаянна нават віну, што яны там, а я тут. Таму стараюся рабіць, што магу. Каб спрыяць ну не вызваленьню, а хаця б інфармацыі пра гэта ўсё”.
XS
SM
MD
LG