Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Шарамет: “Беларусь трымаюць як рэзэрвовы калідор”


Радыё Свабода, Прага Сярод міжнароднай рэакцыі на апошнія падзеі ў Менску вылучаецца пазыцыя Расеі. Нагадаем, што прэзыдэнт Уладзімер Пуцін павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на выбарах, а міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў зрабіў заяву, у якой фактычна апраўдаў ужываньне сілы супраць мірных маніфэстантаў.

Вось як патлумачыў такую пазыцыю Масквы ў інтэрвію “Свабодзе” журналіст Павел Шарамет:

(Шарамет: ) “Адносіны Масквы да Менску цесна ўвязаныя з адносінамі Масквы з Кіевам і Масквы з Эўразьвязам і з Вашынгтонам. Пуцін ня здолее праігнараваць пазыцыю Эўропы і ЗША ў беларускім пытаньні і будзе вымушаны нешта рабіць. Асабліва ў сытуацыі, калі Лукашэнка чарговы раз падмане расейскае кіраўніцтва і ня выканае ніякіх сваіх абяцаньняў. Але пакуль што расейскае кіраўніцтва напалоханае вынікамі выбараў ва Ўкраіне. Прагноз, што аранжавыя зазнаюць паразу, не апраўдаўся. Нагадаю, што ў панядзелак адной зь першых заяваў Юліі Цімашэнкі былі словы, што калі яе партыя ўвойдзе ва ўрад, так адразу будуць перагледжаныя пагадненьні з Расеяй. Таму Беларусь трымаецца Масквой як рэзэрвовы калідор, таму што Масква не пасьпявае на два франты прымаць нейкія рашэньні”.

Павел Шарамет таксама лічыць, што падтрымка Масквой Аляксандра Лукашэнкі тлумачыцца і суб’ектыўнымі прычынамі.

(Шарамет: ) “Заявы расейскага МЗС нагэтулькі неадэкватныя сытуацыі ў Беларусі, нагэтулькі рэзкія і неразумныя, што гэта выклікае шмат у якіх экспэртаў неразуменьне і абурэньне. І шмат хто зьвязвае гэта з двума фактарамі. Па-першае, у кіраўніцтве расейскага МЗС ёсьць шмат чыноўнікаў, якія сымпатызуюць Лукашэнку і ў розны час працавалі ў Беларусі. Напрыклад, былы амбасадар у Менску Лашчылін – цяпер намесьнік міністра. Міністар Сяргей Лаўроў у найвышэйшай ступені кансэрватыўны, паколькі зьмену ўлады ў Расеі ў 1991-м годзе, катаклізмы 1990-х гадоў, “чыстку” МЗС пры Козыраву і гэтак далей ён спакойна перажыў спачатку на пасадзе намесьніка прадстаўніка Расеі пры ААН, а потым і кіраўніка місіі. Ён гэтыя гады правёў у аранжарэі і лічыць, што Расея – вялікая імпэрская краіна, якая сваім адным галасаваньнем, накладаньнем вэта вырашае ўсе праблемы. І адсюль такая неадэкватнасьць у заявах, у камэнтарах, ва ўчынках расейскага МЗС. Больш ні з чым я гэта ня зьвязваю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG