Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канадзкія, польскія і грузінскія дыпляматы абураны арыштамі сваіх грамадзян


Радыё Свабода Затрыманыя грамадзяне Польшчы й Грузіі разам зь іхным адвакатам Верай Страмкоўскай падалі скаргі ў Менскі гарадзкі суд адносна рашэньняў раённых судоў, паводле якіх яны былі арыштаваны. Усяго, паводле дадзеных пракуратуры, падчас падзеяў, зьвязаных з выбарамі, пад вартай аказалася 14 замежнікаў. Некаторыя зь іх ужо выйшлі на волю, але большасьць застаецца ў турме на Акрэсьціна.

Камандзіроўка журналісткі грузінскага грамадзкага тэлебачаньня Ніно Георгібіані на беларускія прэзыдэнцкія выбары скончылася толькі сёньня. Ніно выйшла з турмы на Акрэсьціна, дзе яна прасядзела 5 дзён, і адразу зьехала зь Беларусі.

Ейны калега апэратар Георгія Лагідзэ правядзе на нарах на Акрэсьціна яшчэ 10 дзён. Іх затрымалі 24 сакавіка раніцай ля турмы падчас здымкаў сюжэту пра сваякоў зьняволеных. У пратаколе затрыманьня было напісана: “брыдкасловілі й абражалі мінакоў”.

Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што ўсяго падчас падзеяў у Менску быў затрыманы 21 замежны грамадзянін — з Украіны, Польшчы, Расеі, Грузіі, Літвы й Канады. Паводле Пятра Міклашэвіча, затрымлівалі замежнікаў пераважна падчас несанкцыянаваных вулічных акцыяў. 14 замежнікаў былі асуджаны на тэрміны ад 3 да 15 сутак.

Якая дапамога аказваецца тым, хто застаецца ў турме на Акрэсьціна, іхнымі суайчыньнікамі?

Каб дапамагчы грамадзянам Грузіі, з Кіеву адмыслова прыехаў грузінскі консул Зураб Квачадзэ. Дамагчыся вызваленьня Ніно Георгібіані раней не ўдалося. Але ёсьць надзея, што апэратара Георгія Лагідзэ ўсё ж ня будуць трымаць пад арыштам усе 15 сутак. З удзелам адваката Веры Страмкоўскай прысуд грузінскаму журналісту сёньня быў абскарджаны ў гарадзкім судзе.

Дарэчы, гэтаксама абскарджаны й прысуды польскім грамадзянам Марыюшу Машкевічу, Вераніцы Самурскай і Пётру Дудановічу.

Польскі консул Крыштаф Сьвідэрэк распавеў, што ад ночы 24 сакавіка супрацоўнікам амбасады доўга не давалі зьвестак пра затрыманых палякаў, а потым не называлі суду, у якім іх судзілі. Пабачыцца з затрыманымі суграмадзянамі польскім дыпляматам удалося толькі празь дзень, а перадаць ім рэчы й харч — болей як праз 3 дні.

(Сьвідэрэк: ) “Тады ўвечары мы перадалі ім прадукты, спальныя мяхі ды іншае. Яны сказалі, што гэта, у пэўным сэнсе, выратаваньне, бо там халодна, а таксама не маглі прызвычаіцца да той ежы. Для іх гэта было яшчэ й вялікім маральным ударам — знаходжаньне там”.

Паводле спадара Сьвідэрэка, “вельмі сур’ёзна цяпер працуе польская дыпляматыя” дзеля вызваленьня з Акрэсьціна польскіх грамадзянаў.

Пра гэткія ж намаганьні паведаміў мне й прэс-аташэ амбасады Ўкраіны ў Беларусі Леанід Ясінскі. Паводле яго, украінцам Паўлу Салыгу, Андрыю Любку й Артуру Кавальчуку перададзены прадукты й рэчы, з просьбы амбасады іх зьмясьцілі ў адну камэру. “Амбасада робіць усе магчымыя захады, каб украінцаў вызвалілі датэрмінова”, — запэўніў дыплямат.

Прэсавы аташэ амбасады Расеі ў Беларусі Аляксандр Фралоў распавёў пра высілкі з мэтай вызваленьня расейскіх грамадзянаў.

(Фралоў: ) “Учора ў МЗС Беларусі накіравалі ноту — з просьбай датэрмінова вызваліць нашых грамадзян. Адказ пакуль не атрыманы”.

Паводле дадзеных спадара Фралова, гаворка вядзецца пра 6 чалавек. Супрацоўнікамі амбасады ім таксама перададзены рэчы й прадукты.

Тым часам міністар замежных справаў Канады Пітэр Маккей, як паведамляюць інфармацыйныя крыніцы, запрасіў да сябе пасла Беларусі й запатрабаваў тэрмінова вызваліць канадзкага журналіста Фрэдэрыка Левуа, асуджанага на 15 сутак. У МЗС Беларусі ўжо кваліфікавалі гэтую заяву як “мэтады палітычнага ціску й шантажу”.

“Канадзе трэба ведаць, што Беларусь не рэагуе на ціск, а рашэньне аб вызваленьні можа прыняць толькі суд”, — заявіла начальнік аддзелу прэсавай службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG