Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"New York Times": ЗША забароняць уезд 43 беларускім чыноўнікам


Кастусь Бандарук, Прага Злучаныя Штаты і Эўразьвяз разглядаюць пэрсанальныя санкцыі супраць больш як сарака беларускіх дзяржаўных чыноўнікаў і журналістаў за іхную ролю ў фальшаваньні выніку прэзыдэнцкіх выбараў і разгроме дэмакратычнага руху. Артыкул пра гэта зьмясьціла сёньня амэрыканская газэта "Нью-Ёрк Таймс". Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

У сьпіс асобаў, на якіх маюць быць пашыраныя санкцыі з боку Эўразьвязу і ЗША, будуць уключаныя 43 чалавекі, паведамляе "Нью-Ёрк Таймс", якая атрымала копію дакумэнту.

Гэта найперш Аляксандар Лукашэнка, міністры, начальнікі праваахоўных органаў, пракуроры, судзьдзі, прадстаўнікі выбарчых камісіяў, а таксама журналісты дзяржаўных СМІ.

Акрамя кіраўніка дзяржавы ў сьпісе міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў – за рэпрэсіі ў дачыненьні да некаторых студэнтаў з ВНУ і старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка – за ягоную ролю ў перасьледзе і затрыманьнях апазыцыйных актывістаў.

На падставе сваіх назіраньняў за выбарчай кампаніяй сьпіс падрыхтавалі заходнія дыпляматы ў Менску. Побач з чыноўнікамі ў сьпіс патрапілі прозьвішчы 14 журналістаў дзяржаўных СМІ, якія адыгрываюць адыёзную ролю ў дзяржаўнай прапагандзе, кампаніі дэзінфармацыі насельніцтва, дыскрэдытацыі апазыцыйных кандыдатаў і дэмакратычных сілаў ў Беларусі.

Пералічаным у сьпісе асобам забароняць уезд у 25 краін Эўразьвязу, а магчыма, таксама заблякуюць іхныя банкаўскія рахункі ў заходніх краінах. Прадстаўнікі Эўразьвязу і ЗША заяўляюць, што яны ўзгадняюць паміж сабою сам сьпіс і пакаральныя крокі ў дачыненьні да найбліжэйшага атачэньня Лукашэнкі. Канчатковы сьпіс людзей, пакараных санкцыямі, мае быць ухвалены 10 красавіка міністрамі замежных справаў Эўразьвязу ў часе іхнай сустрэчы ў Люксэмбургу.

У адрозьненьні ад Эўразьвязу, Злучаныя Штаты адмаўляюцца публікаваць прозьвішчы людзей, да якіх будуць ужытыя санкцыі. Урад ЗША раней забараніў уезд на тэрыторыю ЗША некалькім беларускім чыноўнікам. Аднак, як паведаміў памочнік Дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крамэр, раней гэта быў усяго дзясятак чалавек, а цяпер іх будзе значна болей.

Злучаныя Штаты болей чым Эўразьвяз схільныя пакараць журналістаў дзяржаўных СМІ, якіх яны атаясамліваюць з афіцэрамі КДБ. Брусэль, са свайго боку лічыць, што санкцыі супраць журналістаў дзяржаўных СМІ могуць выклікаць новыя абмежаваньні на дзейнасьць заходніх СМІ ў Беларусі.

"Нью-Ёрк Таймс" падае і афіцыйную рэакцыю на плянаваныя санкцыі. “Гэта проста сьмешна. Па-першае, гэтыя санкцыі беспадстаўныя, а па-другое, яны не дадуць спадзяванага эфэкту”, – заявіў кіраўнік прэсавай службы беларускага прэзыдэнта Павал Лёгкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG