Пра адтэрміноўку інаўгурацыі Лукашэнкі сёньня піша і “New York Times”. “Беларускі прэзыдэнт, пераабраньне якога выклікала пратэсты апазыцыі, у аўторак рэзка і без тлумачэньняў затрымаў інаўгурацыю, заявіўшы пры гэтым, што ўсе палітычныя баталіі ў ягонай краіне завершаныя”. “Апошні дыктатар Эўропы”, як плянавалася, павінен быў прыняць прысягу ў пятніцу, і актывісты апазыцыі зьбіраліся выказаць сваю нязгоду праз кампанію распаўсюду налепак. “New York Times” адзначае, што затрымка інаўгурацыі сталася нечаканай, паколькі праца дзяржаўнага апарату ў Беларусі звычайна прадказальная.
Прычыны пераносу інаўгурацыі Лукашэнкі аналізуе і Аляксандар Багамолаў у расейскіх “Новых Известиях” у артыкуле “Бязбацькаўшчына”. Аўтар падае некалькі вэрсій, чаму Аляксандар Лукашэнка тыдзень не зьяўляўся на тэлевізійных экранах. Найбольш папулярная, паводле Багамолава, вэрсія – гэта праблемы са здароўем. “Другая па папулярнасьці чутка – у Менску сабраўся нейкі аналяг ГКЧП у складзе сілавікоў, якія захапілі прэзыдэнта і патрабуюць ад яго поўнага падпарадкаваньня. Гучалі і меркаваньні аб тэрміновым візыце Лукашэнкі ў Маскву, дзе ён нібыта праводзіць супернапружаныя перамовы аб ільготных пастаўках газу”, – піша Аляксандар Багамолаў. Паводле аўтара артыкулу ў “Новых Известиях”, каб неяк супакоіць жарсьці, прэсавая служба прэзыдэнта распаўсюдзіла інфармацыю, што Лукашэнка 28 сакавіка правёў нараду, тым ня менш цырымонія інаўгурацыі была перанесеная без тлумачэньня прычынаў.
“Новые Известия” згадваюць, як калісьці, так бы мовіць, працаваў з дакумэнтамі расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын. Пасьля інаўгурацыі 9 жніўня 1996 году часопіс “Time” паведамляў, што прэзыдэнту Расеі востра неабходная апэрацыя на сэрца, у той час, як афіцыйныя прадстаўнікі Ельцына абвяргалі гэтыя зьвесткі і заяўлялі журналістам, што прэзыдэнт “працуе і праходзіць дыспансэрнае абсьледаваньне”.