Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штабы Казуліна й Мілінкевіча абскардзяць вынікі выбараў у Вярхоўным судзе


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнікі перадвыбарчага штабу Аляксандра Казуліна й Аляксандра Мілінкевіча Мечыслаў Грыб і Сяргей Калякін паведамілі, што да 31 сакавіка накіруюць у Вярхоўны суд скаргі наконт непрызнаньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сакавіка, абвешчаных ЦВК.

Сур’ёзныя цяжкасьці з паданьнем заяў у Вярхоўны суд паўсталі ў штабе Аляксандра Казуліна, які цяпер знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА паводле падазрэньня ў крымінальным злачынстве. Гаворыць кіраўнік штабу Казуліна Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Мяркуем, што сёньня зробім (заяву), а заўтра адвакат, можа, пойдзе да Аляксандра Ўладзіслававіча, і той падпіша. Тады мы й накіруем скаргу”.

У перадвыбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча падрыхтавалі праект аналягічнай скаргі. “Цяпер яна ўдакладняецца, дапаўняецца й будзе пададзена да 31 сакавіка”, — паведаміў Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Выбары ня скончыліся, пакуль няма рашэньня Вярхоўнага суду. Мы будзем абскарджваць у судзе ва ўстаноўленым законам парадку пытаньне аб тым, што выбары зьяўляюцца сапраўднымі ў Рэспубліцы Беларусь. На сёньня няма легітымна абранага прэзыдэнта краіны. Для гэтага маецца дастаткова падстаў”.

Паводле спадара Калякіна, Вярхоўны суд чакае сур’ёзная праверка на самастойнасьць і аб’ектыўнасьць. Сяргей Калякін таксама паведаміў, што перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча будзе дзейнічаць, пакуль не завершыцца разгляд справы ў Вярхоўным судзе.

Мечыслаў Грыб, аднак, зазначыў, што пасьля падачы скаргі ў Вярхоўны суд перадвыбарчы штаб Аляксандра Казуліна спыніць працу й пяройдзе ў рэчышча партыйнай дзейнасьці.

Цяпер і ў аб’яднанай апазыцыйнай кааліцыі, і ў БСДП “Грамада” галоўны клопат — падтрымка соцень арыштаваных актывістаў і прыхільнікаў перамен, у тым ліку, экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. На сёньняшнім пашыраным паседжаньні перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча разглядаліся пытаньні юрыдычнай і матэрыяльнай дапамогі рэпрэсаваным, пошуку месцаў вучобы для студэнтаў, якім пагражае адлічэньне з навучальных устаноў.

(Мілінкевіч: ) “Ужо тры краіны заявілі вуснамі сваіх прэм’ераў аб тым, што такія праграмы падтрымкі беларускіх студэнтаў у іх зацьверджаны — Польшча, Славаччына й Чэхія. Мы абмяркоўвалі таксама, што будзем рабіць далей. Да прыкладу, што зрабіць, каб не было пэсымізму ў грамадзтве? Таму што ў нас яго няма абсалютна, бо сур’ёзны першы крок да перамогі мы зрабілі”.

Паводле спадара Мілінкевіча, апазыцыйная кааліцыя працягвае сваю працу: у пятніцу адбудзецца Палітрада аб’яднанай апазыцыі, на якой маюць разглядаць фармаваньне структуры Народнага руху за свабоду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG