Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ завёў крымінальную справу на “маладафронтаўцаў"


Радыё Свабода Актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт" інкрымінуецца частка 1 артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Крымінальныя справы завялі на Зьмітра Дашкевіча, Алега Корбуна, Барыса Гарэцкага і Сержука Лісічонка.

Апэратыўны аддзел Упраўленьня абароны канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам КДБ 27 сакавіка правёў ператрусы ў кватэрах Аляксея Шэіна і Сержука Лісічонка. Сьледчых з КДБ найперш цікавілі друкаваныя матэрыялы і носьбіты інфармацыі, якія могуць мець дачыненьне да дзейнасьці “Маладога фронту”.

Ордэры на ператрусы былі падпісаны намесьнікам старшыні КДБ Віктарам Вягерам і генэральным пракурорам Пятром Міклашэвічам. Прычым, Аляксей Шэін не зьяўляецца сябрам “Маладога фронту”, але ў яго некалі жыў Зьміцер Дашкевіч. Вось што патлумачыў Аляксей Шэін:

(Шэін: ) “У ордэры было пазначана: правесьці ператрус па месцы фактычнага пражываньня Дашкевіча”.

(Карэспандэнтка: ) “А адкуль яны ведаюць месца пражываньня Дашкевіча?”

(Шэін: ) “Гэта ж спэцслужбы”.

(Карэспандэнтка: ) “А ён сам не мянчук?”

(Шэін: ) “Не, ён са Старых Дарог. Прычым, ён сапраўды жыў некалькі месяцаў у мяне, але потым ўжо не ў мяне. Тым ня менш… Сканфіскавалі і мае матэрыялы. Былі і матэрыялы Дашкевіча. Сканфіскавалі кампутары — прычым, два кампутары былі не мае”.

(Карэспандэнтка: ) “А на якой падставе?”

(Шэін: ) “На падставе той, што гэта, маўляў, месца фактычнага пражываньня, заведзена крымінальная справа. Тут ёсьць рэчы Дашкевіча, мы павінны праверыць усё, што ёсьць па справе. Дарэчы, кватэра гэта таксама пэрсанальна не мая, а брата майго”.

Сам Зьміцер Дашкевіч цяпер адбывае пакараньне на Акрэсьціна. За ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ён атрымаў 15 сутак.

У панядзелак быў ператрус і ў кватэры Сержука Лісічонка: сканфіскавалі дакумэнты, аргтэхніку. Самога Лісічонка пасьля ператрусу забралі ў КДБ і пасьля допыту ноччу адпусьцілі, узяўшы падпіску пра неразгалошваньне і пра тое, што зьявіцца на першае патрабаваньне.

У аўторак раніцай ператрус адбыўся і ў Барыса Гарэцкага. Яго таксама павезьлі на допыт у КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG