Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі людзей пацярпелі падчас разгону пратэсту 25 сакавіка?


Радыё Свабода Паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, пасьля разгону акцыі 25 сакавіка па мэдычную дапамогу зьвярнуўся толькі адзін дэманстрант, грамадзянін Гарадзенскай вобласьці з чэрапана-мазгавой траўмай і расьсячэньнем ілба. Але ці насамрэч пацярпеў толькі адзін дэманстрант? Высьвятляў наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі.

У 9-й лякарні Менску шпіталізавана Ганна Чарнышова. Маладая дзяўчына знаходзіцца ў хірургічным аддзяленьні. Каля яе палаты дзяжураць два міліцыянты. Ганну Чарнышову спачатку даставілі ў спэцпрыймальнік-разьмеркавальнік, але шпіталізавалі толькі 26 сакавіка. Лекары кажуць, што яе стан здавальняючы.

(Лекар: ) “Яна паступіла да нас з чэрапна-мазгавой траўмай, страсеньнем галаўнога мозга”.

Доктар Віктар Сірэнка зь менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі цьвердзіць, што падчас разгону дэманстрантаў выклікалі хуткую толькі да аднаго грамадзяніна.

(Доктар: ) “Калі паступіў выклік пра тое, што ёсьць ляжачы мужчына, то туды выехала брыгада. У нас быў толькі адзін зварот на хуткую дапамогу з таго месца, дзе адбылося менавіта сутыкненьне. І адзін хворы дастаўляўся ў 4-ю клініку і праз тры гадзіны адпушчаны дахаты”.

Удакладняць асобу ён адмовіўся. Галоўны доктар 4-й лякарні Аляксандар Траянаў кажа пра двух пацярпелых:

(Траянаў: ) “Два чалавекі амбулаторна зьвярталіся да нас і абодва адпушчаныя. Лёгкія цялесныя пашкоджаньні, сінякі і траўмы. Адзін жыхар Менску, а другі іншагародні, з Баранавічаў”.

Аднак дзе ж тады падзеўся пацярпелы з Гарадзеншчыны, пра якога казаў міністар Навумаў? Атрымліваецца, што ў 4-й лякарні яго не было.

(Траянаў: ) “Не, гарадзенцы да нас не зьвярталіся”.

Але, калі хуткая дапамога даставіла толькі аднаго пацярпелага ў 4-ю лякарню, то ім і павінен быў быць, як заявіў міністар Навумаў, той гарадзенец. Аднак у лякарні сказалі, што гэта былі два пацярпелыя – жыхары Менску і Баранавіч. Прадстаўнік прэсавай службы міністэрства ўнутарных справаў Віталь Грынкевіч:

(Грынкевіч:) “Мне дакумэнтаў ніякіх не давалі. Таму я не магу вам сказаць”.

Таксама некаторыя мэдыі падалі інфармацыю пра моцна зьбітага дэманстранта Сяргея Атрошчанку, але ў 2-й, 9-й і 4-й лякарнях, а таксама на станцыі хуткай дапамогі гэтую інфармацыю не пацьвердзілі. Таксама ў 2-й лякарні сказалі, што 25 сакавіка зьвярталася жанчына зь нейкім апёкам.

Акрамя таго, ёсьць сьведчаньні пра пацярпелых сярод затрыманых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG