Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць удзельнікаў пратэсту (фота)


Радыё Свабода, Менск Ува ўсіх раённых судах Менску цягам дня судзілі затрыманых удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы й шэсьця 25 сакавіка. Людзей прывозілі ў суды з ізалятараў Меншчыны ў аўтобусах і аўтазаках. Сярод тых, каго судзілі, — некалькі журналістаў, былы амбасадар Польшчы Марыюш Машкевіч, грамадзяне Расеі, палітыкі й дзясяткі апазыцыянэраў. Людзей каралі арыштамі. Адна жанчына пакарана штрафам.

У судзе Партызанскага раёну Менску судзілі 25 дзяўчат, якіх затрымалі ў часе ліквідацыі намётавага лягеру. Іх трымалі за агароджай як небясьпечных злачынцаў. Дзяўчат прыводзілі ў кабінэт судзьдзі пад аховай, хутка судзілі й адводзілі зноў. Усіх, за выключэньнем Стасі Гусаковай, якая правядзе за кратамі 12 сутак, пакаралі чатырма суткамі арышту. Маці Стасі Гусаковай Тамара лічыць: ейную дачку пакаралі за тое, што яна — грамадзянка Расеі.

(Гусакова: ) “Мая дачка грамадзянка Расеі. У яе від на жыхарства. Яна вучыцца ў тэхналягічным унівэрсытэце. Мне патэлефанавала абураная дэкан: “Як гэта дзяўчынка, якая толькі прыехала ў Беларусь і толькі атрымала від на жыхарства, умешваецца ў справы Беларусі? Якое права яна мае?”Але мая дачка нарадзілася ў Беларусі, вучылася ў беларускай гімназіі й любіць Беларусь. Канечне, усе гэтыя суткі будуць лічыцца прагуламі, і майму дзіцяці ва ўнівэрсытэце ня будзе чаго рабіць”.

Другую групу дзяўчат, з 34 чалавек, судзілі ў Кастрычніцкім судзе. Іх пакаралі арыштамі ад 10 да 15 сутак. У гэтым судзе разглядалі справу польскай журналісткі Веранікі Самалінскай з “Газэты Выборчай”. Яе пакаралі арыштам на 10 сутак. Былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча асудзілі на 15 сутак арышту. У судзе спадар Машкевіч заявіў: ён ня толькі не шкадуе аб тым, што быў на плошчы, але ганарыцца. Дыплямат упэўнены, што зьдзейсьніў важны й сумленны ўчынак у сваім жыцьці.



Валянціна Палевікова правядзе за кратамі 15 сутак арышту, а Тацяна Ваніна — 10.

У судзе Савецкага раёну судзілі расейскага журналіста й праваабаронцу Аляксандра Падрабінека. Яго арыштавалі на 15 сутак. Гісторыка Ларысу Андросік судзьдзя Руслан Казадаеў аштрафаваў на 600 000 рублёў.

У Ленінскім судзе судзьдзя Вера Тупік забараняла журналістам і назіральнікам АБСЭ прысутнічаць на судах. Яна заяўляла, што ёй гэта папросту не падабаецца. Калі ж спаслаліся на артыкул 229 ПК, згодна зь якім працэсы мусяць быць адкрытымі, яна крыкнула сакратарцы: “Зачыніце дзьверы й нікога не пускайце!” Выключэньне было зроблена толькі для спэцназаўцаў.

У гэтым жа судзе журналіста Вадзіма Казначэева пакаралі 10-цю суткамі арышту. Вадзім распавёў “Свабодзе”, што зь ім абыходзіліся больш-менш нармальна. У часе затрыманьня і ў аўтазаку нікога ня білі. У судзе ён папрасіў, каб дапыталі сьведкаў з боку міліцыі. Але адказ быў, што гэта немагчыма.

(Казначэеў: ) “Трымалі нас спачатку на Акрэсьціна. Але гэта толькі некалькі гадзін. Там людзей было ў тры разы болей за месцаў. На 7 месцаў быў 21 чалавек у маёй камэры. У Жодзіне звычайныя турэмныя ўмовы: 9 чалавек на 8 месцаў. Прыймальна. Ну, а камэра як камэра — задуха… Кармілі вельмі кепска. Тое, што я журналіст, на іх не паўплывала. Сказана было наступнае: “Няхай суд разьбіраецца. Невінаватых у нас не саджаюць”.

Суды працягваюцца ва ўсіх 9 раённых судах Менску. Калі групу з 30-40 чалавек адвозяць у ізалятар, ім на зьмену прывозяць іншую групу затрыманых, якіх будуць караць арыштамі. У судах паведамілі бацькам, што будуць працаваць, колькі патрэбна, каб пакараць усіх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG