Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тых, каму не хапіла месца ў менскіх турмах, завезьлі ў Жодзіна


Радыё Свабода Вялікая частка ўдзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы, затрыманых уначы 24 сакавіка, знаходзіцца ў Жодзіне. Там пабываў наш карэспандэнт.

Ля будынку Жодзінскай гарадзкой міліцыі сёньня можна было бачыць бацькоў, сваякоў і сяброў затрыманых. Яны прыяжджалі, каб даведацца пра лёс удзельнікаў акцыі і перадаць ім харчаваньне і самыя неабходныя рэчы:

(Спадар: ) “Я — Порах Уладзімер”. (Карэспандэнт: ) “Хто ў вас затрыманы?” (Порах: ) “Сын”. (Карэспандэнт: ) “Як яго завуць?” (Порах: ) “22 гады”. (Спадарыня: ) “Майго сына завуць Тамілін Ян Станіслававіч, 1986 году нараджэньня”. (Спадарыня: ) “Венско Зьміцер Валянцінавіч, 1986 году нараджэньня” (Карэспандэнт: ) “Хто ў вас затрыманы?” (Спадар Андрэй: ) “Сябра. Язылец Аляксей”. (Карэспандэнт: ) “Уначы?” (Порах: ) “Уначы з 23 на 24 сакавіка”. (Спадарыня: ) “Мы ў гэты час спалі”. (Порах: ) “Я кожны раз прыяжджаў, глядзеў на гэты намётавы гарадок і думаў: “Колькі ж ён прабудзе?” Адбылося…”

Усіх гэтых наведнікаў жодзінскія міліцыянты супакойваюць: маўляў, няма чаго хвалявацца, бо ўмовы ўтрыманьня, нібыта, добрыя. Тое ж самае начальнік дзяжурнай часткі капітан Андрэй Пацяшонак заявіў і Радыё Свабода. Ён таксама пацьвердзіў, што тут утрымліваюцца жыхары “намётавага гарадку”, зьліквідаванага ўначы 24 сакавіка. Міліцыянты адмаўляюцца называць колькасьць апазыцыянэраў, якія знаходзяцца ў Жодзіне, і сьцьвярджаюць, што ўсе яны, быццам, утрымліваюцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Між тым, жодзінскі актывіст дэмакратычнага руху Зьміцер Чарткоў лічыць гэтую інфармацыю непраўдзівай:

(Чарткоў: ) “У Жодзіна былі этапаваны 176 асоб, зь якіх шмат дзяўчат. Камусьці рабілася дрэнна. Бацькі спрабавалі перадаць лекі й дамагчыся выкліку грамадзянскіх мэдыкаў. Нікога не дапускаюць, бо ўсё ў іх, маўляў, добра, мэдыкамэнтаў хапае, маюць пастаянны дагляд. Адзінае, што дазволілі, дык гэта перадаваць цёплую бялізну, каб пераапрануцца, сродкі гігіены — і ўсё. Іх усіх трымаюць на Чапаева, 10 – гэта СІЗА УЖ 15/8”.

Паводле спадара Чарткова, у жодзінскім сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня ўсяго 25 месцаў, і вялікую колькасьць людзей там разьмясьціць складана. Таму зьняволеных, на ягоную думку, трымаюць якраз у мясцовым СІЗА, які за апошні час, нібыта, пашырыўся на некалькі новых карпусоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG