Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што трэба часова спыніць вулічныя акцыі


Радыё Свабода Сёньня лідэр апазыцыйнай кааліцыі Аляксандар Мілінкевіч выступіў з заклікам прыпыніць масавыя акцыі пратэсту супраць несправядлівых выбараў і заклікаў пачаць інфармацыйную кампанію. БСДП “Грамада” ў адсутнасьць свайго лідэра правяла паседжаньне прэзыдыюму партыі, на якім асудзіла дзеяньні ўладаў. Прэзыдыюм ня выключыў, што будуць кантакты з камандай Мілінкевіча дзеля вызваленьня з турмаў А.Казуліна і ўсіх тых, каго затрымалі за апошні тыдзень.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што пратэсты маюць сэнс, пакуль на іх зьбіраецца ўсё больш і больш людзей:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што мы выбралі тую колькасьць, якія з намі сёньня. Таму мая думка — трэба перапыніць гэтыя вулічныя акцыі і заняцца масавым інфармаваньнем, бо краіна ня ведае, што адбылося. Было б выдатна, каб тыя людзі, што прыходзілі на сустрэчы, заняліся інфармаваньнем, а мы павінны падрыхтаваць матэрыялы ў Інтэрнэце, бюлетэні, улёткі”.

Спадар Мілінкевіч кажа, што нават ягоныя сябры расчараваныя тым, як пра падзеі ў Менску паведамлялі дзяржаўныя СМІ, і таму патрэбна растлумачальная праца, альтэрнатыўная інфармацыя. Ацэньваючы ўчорашнія сутыкненьні міліцыі з прыхільнікамі апазыцыі, спадар Мілінкевіч заявіў:

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, я салідарны з тымі людзьмі, якія былі зьбіты і затрыманы АМАПам. Гэта абсалютна неадэкватныя дзеяньні Паўлічэнкі і ягонай каманды. Яны ня мелі права так жорстка распраўляцца зь мірнымі людзьмі”.

Тым ня менш, спадар Мілінкевіч перакананы, што ўчорашні паход на Акрэсьціна мае значна больш мінусаў, чым плюсаў, бо колькасьць прыхільнікаў апазыцыі можа паменшыцца. Што да лёсу спадара Казуліна, то Аляксандар Мілінкевіч выказаў зь ім поўную салідарнасьць:

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, я буду падтрымліваць яго, безумоўна, я буду на яго баку і буду аказваць яму дапамогу, нават калі ў нас разыходзяцца думкі пра стратэгію і тактыку. Ён мне ніякі ня вораг, ён чалавек, які таксама змагаецца з уладай. Гэта несумненна, але рашэньне кааліцыйнае ў нас тое самае — мы чарговы раз прапанавалі яму далучыцца да кааліцыі. Ён прапануе пэрсанальную унію Мілінкевіч—Казулін, я ж чалавек камандны і лічу, што трэба аб’ядноўваць структуры”.

Намесьнік старшыні БСДП “Грамада” Мечыслаў Грыб пагаджаецца, што трэба адкінуць убок эмоцыі і фармаваць адзіную апазыцыйную кааліцыю:

(Грыб: ) “На вялікі жаль, гісторыя апазыцыі ведае шмат розных падыходаў, дамаўляліся пра адно, як ішлі на нейкія вулічныя мерапрыемствы, а потым нехта рабіў нешта зусім іншае. Але калі з гэтага рабіць высновы, што ўжо ўсё — рассварыліся і больш не павінны выступаць разам і шукаць шляхі да аб’яднаньня, то гэта ня так. Трэба шукаць шляхі, трэба перамовы весьці, дамаўляцца і шукаць паразуменьне”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што перамовы будуць, калі сьцішацца цяперашнія страсьці. Найперш абмяркуюць сумесныя дзеяньні дзеля вызваленьня палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG