Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Вільні: акцыя пратэсту


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні апрача традыцыйных сьвяточных імпрэзаў да Дня Волі адбылася чарговая штодзённая акцыя пры амбасадзе Беларусі. Акцыя пратэсту супраць гвалту ў Беларусі адбылася пасьля таго, як зь Менску пачалі прыходзіць зьвесткі пра жорсткае зьбіцьцё мірных дэманстрантаў.

На акцыю пры будынку амбасады Беларусі прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек, бальшыня – беларускія студэнты, якія не змаглі сёньня прыехаць у Менск з-за праблем з пашпартамі. Як яны распавялі, гэтымі днямі кіраўніцтва ЭГУ перадала пашпарты студэнтаў з двух факультэтаў для афармленьня дазволу на пражываньне ў Літве.

(Вольга: ) “Зараз мы ня можам быць у Менску, ня можам быць разам з нашым народам, разам з нашымі сябрамі, роднымі, таму мы – тут, каб паказаць, што хаця мы цяпер і жывем у Літве, але мы бачым, што адбываецца ў Беларусі, і мы з гэтым ня згодныя”.

(Андрэй: ) “Мы зьбіраліся ў Менск, але так склаліся абставіны, што мы ня змаглі паехаць – я зь ліку тых ЭГУшнікаў, што засталіся без пашпартоў. Таму прыйшлі сюды, каб хаця нешта зрабіць для Беларусі. Хаця б прыйсьці сюды – гэта наш сьвяты абавязак”.

(Ганна: ) “Я была ў намётах (на Кастрычніцкай плошчы) дзьве ночы, але захварэла і на трэцюю ноч пайшла да сяброўкі, вось яе арыштавалі ў чацьвёртую ноч зь ёй ніякай сувязі няма, што зь ёй – невядома. Там шмат маіх сяброў, знаёмых арыштавалі”.

(Дзяніс:) “Прыйшоў выказаць свой пратэст супраць таго, што зараз адбываецца ў Беларусі”.

(Марына:) “Мне хацелася сказаць беларусам, што я, хаця фізычна не магу быць разам зь імі, маральна ідухоўна я разам зь імі”.

(Эўгеніюс:) “Я – віленчук, пабачыў у навінах, што дзеецца ў Беларусі, як жорстка абыходзяцца з людзьмі, напісаў сябру, беларусу, ці трэба дапамога, -- і вось прыйшоў на акцыю пратэсту, каб прынамсі паказаць, што нам ня ўсё роўна, што мы – за тых, хто хоча вольна выбіраць лёс свой краіны!”.

(Удзельнікі акцыі:) “Жыве Беларусь! Жыве!” (чутна, як сыгналяць праязджаючыя машыны)

(Артур:) “Старая апазыцыя страціла адчуванньне часу, адчуваньне таго, што патрэбна рабіць. Вось гэтая моладзь, якая засталася 20 сакавіка на плошчы, яна, фактычна, вырвала гэты сьцяг рэвалюцыі, сьцяг будучага у гэтай старой, можна сказаць, наменклятурнай, апазыцыі”.

Удзельнікі акцыі зрабілі сымбалічнае шэсьце па вуліцах зь бел-чырвона-белымі і літоўскімі сьцягамі. Студэнты ішлі ланцугом, з чорнымі воракамі на галовах і завязанымі рукамі, каб паказаць, як беларускія ўлады абыходзяцца з грамадзянамі сваёй краіны. На сьпінах у іх былі плякаты на розных мовах: “Дапаможам Беларусі!” Адзін з арганізатараў штодзённых акцыяў, Томас Тамілінас з Цэнтру аб''яднаных беларускіх ініцыятываў:

(Томас: ) “Дзень Волі сёлета асаблівы, таму што якраз цяпер беларусы паказалі, што яны народ, які хоча і можа сам вырашаць свой лёс, што яны не баяцца выйсьці на вуліцы, каб падтрымаць людзей, меркаваньне якіх не супадае з афіцыйнай пазыцыяй улады. Сёньня нават надвор''е такое спрыяльнае для выхаду на волю дзеля Дню Волі”.

Традыцыйныя ўрачыстыя акадэміі з нагоды Дня Волі ў Вільні ладзілі Згуртаваньне беларускіх арганізацыяў Літвы і Таварыства Беларускай культуры. Кіраўнік аб''яднаньня мастакоў беларусаў Балтыі “Маю гонар” Вячка Целеш, які прыехаў на сьвята ў Вільню, распавёў, што ў Рызе імпрэзы, прысьвечаныя Дню Волі, плянуюцца на заўтра (на нядзелю).

(Целеш: ) “Я ўвогуле – аптыміст. Народ сапраўды абуджаецца. Жыць беларускаму народу сярод цывілізаваных народаў Эўропы, агароджаным плотам, -- гэта доўга не працягнецца!”

Імпрэзы да Дню Волі ладзяць і беларускія суполкі ў іншых гарадох Літвы, -- Салечніках, Вісагінасе, Друскеніках, Клайпедзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG