Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наведнікаў на Акрэсьціна здымалі на відэакамэру спэцслужбы


Радыё Свабода, Менск Удзень 25 сакавіка да прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна прыйшлі больш за сто чалавек, каб перадаць сваім родным і сябрам неабходныя рэчы, харчы і пітво. Аднак многія не знайшлі сярод затрыманых сваіх сваякоў, а прыём перадачаў спынілі датэрмінова. Усе прысутныя заставаліся пад пільным наглядам супрацоўнікаў спэцслужбаў зь відэакамэрамі й зброяй.

На галінках дрэваў каля ўваходу ў будынак спэцпрыёмніку завязаны джынсавыя стужкі. На некаторых прыватных аўтамабілях нумары заклеены белай паперай. Людзі стаяць у чарзе ўздоўж сьцяны. Лідзіі Лысюк, якая прыехала да сына Зьмітра зь Берасьця, пашанцавала патрапіць у будынак.

(Лысюк: ) “У яго разьбітыя акуляры, і ён казаў, што спачатку было вельмі страшна. Але калі гэтулькі людзей аб’яднаныя духам свабоды, то страх мінае. Я рада, што мае дзеці робяць выбар на карысьць свабоды”.

Каб перадаць зьняволеным неабходнае, людзі прыходзілі сюды а шостай раніцы, а перадачы ў іх бралі прыкладна а 10-й. Каб упарадкаваць чаргу, людзі склалі сьпіс, паведамілі “Свабодзе” юнакі, якія прыйшлі да сваіх сяброў.

(Юнак: ) “Сёньня зайшло каля сямідзесяці чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) “А колькі запісалася?”

(Юнак: ) “Сто пяцьдзесят дзевяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі вам стаяць?

(Юнак: ) “Да вечара будзем”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму так павольна рухаецца чарга?”

(Юнак: ) “Яны не зацікаўлены ў тым, каб людзі сябе нармалёва адчувалі. Людзі, якія выходзілі адтуль, ужо казалі, што ёсьць вялікія праблемы зь пітной вадой”.

Аднак некаторыя людзі, адстаяўшы гадзіны, не знаходзілі сваіх родных.

(Спадар: ) “Учора тут дзень адстаялі, і нам паведамілі, што ён тут. А сёньня таксама дзень адстаялі і ўжо кажуць, што ён у Жодзіна. Што, дзе, дзе, як — ніякай інфармацыі больш няма”.

Пасьля таго, як у спэцпрыёмнік скіраваліся некалькі аўтамабіляў з новымі затрыманымі, да будынку пад’ехалі й сталі каля ўваходу некалькі браніраваных аўтамабіляў з надпісам “Міліцыя”. Усе яны былі запоўнены людзьмі ў спэцформе й чорных масках. А неўзабаве прысутным абвясьцілі, што прыём перадачаў спыняецца датэрмінова, і гэта асабліва абурыла людзей.

(Спадарыня: ) “Такая машына — яна тысяч 250 даляраў каштуе. І мы плацім падаткі, каб нашых сыноў, дачок, братоў, сясьцёр і мужоў вазілі на гэтых машынах вось за гэтыя краты?!”

(Іншая спадарыня: ) “Больш за тое, мы яшчэ тут павінны заплаціць, што яны нашых дзяцей пабралі. А нашыя дзеці пацягнулі за сабой тую масу народу, які яшчэ не прачнуўся, але сёньня, 25 сакавіка, яны сапраўды прачнуліся. А заўтра прачнецца яшчэ больш. І мы не баімся”.

(Спадар: ) “А чаго мы павінны баяцца, калі мы не парушаем закону? Мы просім — калі не сказаць, што патрабуем — каб гэтыя законы выконваліся. Што, “Жыве Беларусь” — гэта антылукашэнкаўскі лёзунг? Значыць, Лукашэнка супраць Беларусі? Значыць, ён супраць таго, каб яна жыла? Дык хто гэта такі? Гэта іншароднае цела, а іншароднае цела трэба выдаляць”.

Усё, што адбывалася на Акрэсьціна, з даху будынку спэцпрыёмніку здымалі супрацоўнікі спэцслужбаў. Разам зь імі там знаходзілася таксама некалькі чалавек зь вінтоўкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG