Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч абвясьціў пра стварэньне Народнага руху за свабоду


Радыё Свабода Сьвяточны мітынг з нагоды Дня Волі 25 сакавіка адбыўся нягледзячы на запалохваньні ўладаў і перашкоды з боку вялікіх сілаў міліцыі, якія блякавалі цэнтар гораду. Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча здолелі зьяднацца і сабрацца ля помніка Янку Купалу. Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў пра стварэньне Народнага руху за свабоду.

Выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў пра стварэньне Народнага руху за свабоду. Ён сказаў, што ўдзельнікі гэтага руху дойдуць да ўсіх гарадоў і вёсак краіны, каб давесьці да людзей праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў краіне і будуць дамагацца вольных і справядлівых выбараў без удзелу А.Лукашэнкі.

Вытупіў на мітынгу і Аляксандар Казулін, які заявіў, што народ Беларусі павінен звярнуцца ў ААН для разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН:

(Кахзулін: ) “Месца апошняга дыктатара Эўропы ў Гааскім трыбунале!”

(Людзі: ) “Чамадан! Вакзал! Гаага!”

На мітынгу ў сквэры Янкі Купалы выступіла дэпутатка польскага сэйму ад Партыі права й справядлівасьці Малгажата Гасіньска. Яна выказала салідарнасьць зь беларускім народам, які змагаецца за праўду аб выбарах, і абвясьціла заяву прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча: усе студэнты Беларусі, якіх за ўдзел у апазыцыйных мітынгах выключаць зь беларускіх ВНУ, будуць прыняты для бясплатнага навучаньня ў польскіх унівэрсытэтах.

Людміла Гразнова, выступаючы на мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, заявіла: Уладзімеру Пуціну ня месца побач з прыстойнымі людзьмі ў “васьмёрцы”, бо Эўропа нясе маральную адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі. А таму Пуцін, які павіншаваў Лукашэнку зь перамогай, павінен быць выключаны з гэтай арганізацыі.

Мітынг у сквэры імя Янкі Купалы ў Менску скончыўся а 15-й гадзіне. Пры канцы мітынгу прынялі зварот у Камітэт па правах чалавека ААН і да ўсіх дзяржаваў сьвету, каб яны зьвярнулі ўвагу на падзеі ў Беларусі і паспрыялі вызваленьню затрыманых удзельнікаў апазыцыйных акцыяў. Затым у прынятай рэзалюцыі ўдзельнікі мітынгу асудзілі мінулую выбарчую кампанію й запатрабавалі правядзеньня новых сумленных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, а таксама запатрабавалі вызваліць усіх палітвязьняў. Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усіх прысутных далучацца да Народнага руху за свабоду, пра стварэньне якога было абвешчана на мітынгу. Вінцук Вячорка заклікаў памятаць пра наступную буйную акцыю апазыцыі — Чарнобыльскі шлях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG