Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы польскі амбасадар Марыюш Машкевіч дагэтуль за кратамі


Радыё Свабоды Сярод арыштаваных уначы на Кастрычніцкай плошчы ў Менску - былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч. Ягонае затрыманьне набыло шырокі розгалас.

Былы амбасадар Марыюш Машкевіч скардзіцца, што быў зьбіты, калі яго везьлі з плошчы ў спэцразьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна. Пра гэта спадар Машкевіч паведаміў супрацоўнікам консульскай службы амбасады Польшчы ў Беларусі, якія наведалі яго учора ў ізалятары. Польскія дыпляматы пасьля гэтага адразу перадалі ў Міністэрства замежных справаў Беларусі ноту, у якой просяць дазволіць мэдычнае асьведчаньне Марыюша Машкевіча, паведамляе супрацоўніца амбасады Моніка Садкоўска:

(Садкоўска: ) "Мы накіравалі ноту ў МЗС, у якой напісалі, што хочам атрымаць інфармацыю пра двух затрыманых грамадзянаў Польшчы: на якой падставе іх затрымалі. А таксама, каб дазволілі зрабіць мэдычнае асьведчаньне Марыюша Машкевіча". Аднак адказу на гэтую ноту польскія дыпляматы так і не дачакаліся.

Учора напрыканцы дня супрацоўнікі польскай консульскай службы павезьлі для былога амбасадара і яшчэ адной грамадзянкі Польшчы, таксама затрыманай на Кастрычніцкай плошчы, туалетныя прыналежнасьці. Аднак дыпляматам сказалі, што абодвух павезьлі ў суд. У які канкрэтна - не ўдакладнілі. Дыпляматы аб''езьдзілі ўсе судовыя ўстановы, а калі вярнуліся на Акрэсьціна, то пачулі: адбылася памылка, палякі тут... Але перадачу для затрыманых не ўзялі: маўляў, ужо запозна.

Міхаіл Бацян, які чытае на факультэце міжнародных адносінаў БДУ спэцкурс "Асновы дыпляматыі", гаворыць, што ў міжнароднай практыцы існуе так званы нефармальны імунітэт:

(Бацян: ) "Ёсьць такое паняцьце, як дыпляматычны імунітэт. Ён надаецца толькі тады, калі чалавек мае дыпляматычны пашпарт. Гэта, калі падыходзіць фармальна. Але ж у кожнай нармальнай дзяржаве, калі ў ёй знаходзіцца былы амбасадар, чалавек, які тут працаваў, уступаюць у сілу нефармальныя адносіны. Гэта ж вельмі паважаная і высокая асоба. І тады ўступаюць у справу рэчы нефармальныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG