Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Р. Гарэцкі: "Для мяне Дзень Волі – сьвяты дзень"


Радыё Свабода Сёньня – Дзень Волі. Ці зьяўляецца гэты дзень сьвятам для беларусаў, ці выйдуць вядомыя ў краіне асобы сёньня на Кастрычніцкую плошчу?

Акадэмік, прафэсар Радзім Гарэцкі хварэе і вельмі перажывае, што сёньня ня зможа прыйсьці на мітынг.

(Гарэцкі: ) “Для мяне, як і для многіх сапраўдных беларусаў – гэта сьвяты дзень. Я яго ўспрымаю вельмі блізка, вельмі шчыра, як сьвяты гэты дзень. Дзень сапраўднай Волі, дзень нашага будучага шчасьця, якога мы ніяк пакуль, на жаль, не дачакаемся. Але гэта сьветлы дзень, і нездарма так атрымалася, што ён – пасярод вясны, калі ўсё прабуджаецца. Я ў гэты дзень жадаў бы ўсім вялікай ласкі Божай, спадзяваньня, што ўсе мы дойдзем да сапраўднай шчасьлівай, багатай Беларусі. Наш рэжым – папросту антыбеларускі, яны баяцца гэтага дня, як баяліся гэтых маладых людзей, якія мітынг рабілі. Зараз іх закрылі папросту з-за таго, што ўлады баяліся Дня Волі 25 сакавіка.

Гаворыць паэт Уладзімер Карызна:

(Карызна: ) “Я на такія пытаньні не адказваю, таму што з воляй я не зьвязаны. Я вельмі з многімі ня згодны – і з тымі людзьмі, зь якімі вучыўся, якія мяне вучылі патрыятызму, а сёньня яго страцілі. Проста я не хачу біцца, змагацца, крывіць душою. Не хачу зь імі там быць”

Меркаваньне вядомага беларускага драматурга і гісторыка Алеся Петрашкевіча.

(Петрашкевіч: ) “Гэта сапраўды быў нейкі пачатак – нават не дзяржаўнасьці (дзяржаўнасьць у нас пачатак мела ўжо ў 13-м стагодзьдзі). А гэта было адраджэньне дзяржаўнасьці на нацыянальнай аснове. Тое, што будзе пасьля – па-першае, будзе разгром Беларускай Народнай Рэспублікі, усе камісары якой будуць расстраляныя, хто ў 20-м, у асноўным у 37-38-х. Для мяне Дзень Волі – упушчаная магчымасьць беларускай нацыі мець сваю дзяржаву, у аснове якой магла б ляжаць нацыянальная ідэя. А нацыянальную ідэю я разглядаю як незалежнасьць, сувэрэннасьць”.

Руся, вакалістка беларускага рок-гурту “Індыга”.

(Руся: ) “Вельмі люблю гэтае сьвята. Мы заўсёды ладзім “фамільныя” абеды ў гэты дзень, адзначаем. Менавіта ў гэты дзень Беларусь была абвешчана незалежнай рэспублікай. Для мяне, як для маладога чалавека, гэта вельмі важна. Я спадзяюся, што наша краіна будзе незалежнай ня толькі на афіцыйных нейкіх паперах і дакумэнтах, але і насамрэч. Таму што тое, што падабаецца ў нашай краіне, мне вельмі не падабаецца. Мне страшна балюча за гэтыя падзеі, што адбываюцца на Кастрычніцкім пляцы. Спадзяюся, што народ пераможа свой страх, выйдзе на вуліцы, пераможа свой страх, вось гэты свой унутраны жах, што жыве амаль у кожным грамадзяніне Беларусі. Я лічу, што моладзь не пабаіцца. Бо баяцца далей проста ўжо няма сэнсу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG