Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сойм Літвы – за паўторныя выбары ў Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня Сойм Літвы абвясьціў, што галасаваньне 19 сакавіка не было дэмакратычнымі выбарамі і прыняў рэзалюцыю, у якой літоўскі парлямэнт далучаецца да патрабаваньняў правесьці новыя выбары ў Беларусі. Сойм Літвы зьвярнуўся таксама да дзяржаваў сьвету з заклікам падтрымаць дэмакратычныя сілы і грамадзкую супольнасьць Беларусі і ўжыць суровыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Рэзалюцыя адносна галасаваньня 19 сакавіка ў Беларусі ў літоўскім Сойме сёньня была прынятая бальшынёй галасоў. Парлямэнтары прагаласавалі за праект рэзалюцыі, прапанаванай кіраўніком камітэту замежных справаў сацыял-дэмакратам Юсьцінасам Каросасам.

У рэзалюцыі гаворыцца, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі “несправядлівымі і не адпавядаюць міжнародным стандартам свабодных і дэмакратычных выбараў”.

Літоўскі парлямэнт, як гаворыцца ў рэзалюцыі, “жорстка рэагуючы на гвалтоўныя дзеяньні ўлады Беларусі супраць апазыцыйных кандыдатаў” запатрабаваў неадкладна вызваліць усіх затрыманых у часе выбарчай кампаніі і мірных мітынгаў пасьля выбараў, а таксама ўсіх іншых палітычных вязьняў.

У рэзалюцыі рэзка асуджаецца падтрымка дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, якую дэманструе Расея, а таксама высілкі Расеі легітымізаваць фальсыфікаваныя выбары ў Беларусі. Літоўскі Сойм заклікае кіраўнікоў дзяржаваў Эўразьвязу і на сустрэчы “Вялікай васьмёркі” запатрабаваць ад Расеі спыніць падтрымку рэжыму А.Лукашэнкі.

Сойм “зьвяртаецца да краінаў сьвету і заклікае падтрымаць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама ўжыць жорсткія індывідуальныя санкцыі прадстаўнікам рэжыму ў Беларусі”.

Рэзалюцыя прынятая з увагі на высновы незалежных назіральнікаў місіі АБСЭ на выбарах і высновы Бюро правоў чалавека АБСЭ, а таксама на тое, што беларускія ўлады беспадстаўна не дазволілі частцы міжнародных незалежных назіральнікаў прыехаць у Беларусь у часе выбараў. Таксама ўлічаныя факты шматлікіх грубых парушэньняў дэмакратычных стандартаў з боку ўлады ў Беларусі ў часе выбараў – грубыя парушэньні правоў чалавека і свабоды слова і выбару грамадзянаў, перашкоды акрэдытаваным незалежным назіральнікам у часе выбараў і падліку галасоў, абвестку выгодных для кіраўніка краіны дадзеных экзыт-полу да заканчэньня галасаваньня.

Літоўскі Сойм у рэзалюцыі заявіў, што “ўважліва сочыць за сытуацыяй у Беларусі і за тым, каб была гарантаваная бясьпека прадстаўнікам апазыцыі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG