Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: апазыцыянэраў зноў арыштоўваюць


Радыё Свабода 15 сутак арышту прысудзілі Аляксею Гаўруцікаву, віцебскаму актывісту былой прэзыдэнцкай кампаніі. 5 сутак арышту атрымаў аршанец Ігар Казьмярчак. Абодва асуджаныя — прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча.

Аляксея Гаўруцікава судзілі апошнім з усіх чатырнаццаці затрыманых 21 сакавіка падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Праўда, спадар Гаўруцікаў таго дня так і не пасьпеў дайсьці да Летняга амфітэатру, каля якога зьбіраюцца віцебскія прыхільнікі апазыцыі: яго затрымалі за якіх дзьвесьце мэтраў ад гэтага месца.

Тым ня менш, судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Валянціна Міхасёва пастанавіла, што ён быў арганізатарам папярэдняй несанкцыянаванай акцыі, што прайшла ў Віцебску 20 сакавіка. Яна прысудзіла Аляксею Гаўруцікаву 15 сутак арышту. Гэта самы строгі прысуд, вынесены апазыцыянэру за апошні час. Ахоўнікі, якія прывезьлі Аляксея Гаўруцікава з ізалятару часовага ўтрыманьня, не дазволілі ўзяць камэнтар у асуджанага. Пастанову судзьдзі камэнтуе Алена Фаміна, родная сястра Аляксея Гаўруцікава, якую ўчора таксама судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

(Фаміна: ) “Гэта не правасудзьдзе, а невядома што! Шчыра сказаць, у мяне проста няма словаў ад такога нахабства! Я думала, што брату дадуць ня больш за 5 сутак, а аказалася, што ён вінаваты настолькі, што далі максымальны тэрмін, 15 сутак. Гэта ўвогуле жах нейкі!”

Нагадаем, што, апрача Хрыстафора Жаляпава, даверанай асобы Аляксандра Мілінкевіча, якому ўчора прысудзілі 10 сутак таксама за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі пратэсту, усім астатнім яе ўдзельнікам далі або 5 сутак, або штраф 620 тысяч.

5 сутак арышту прысудзілі сёньня і аршанскаму актывісту Ігару Казьмерчаку. Судзьдзя гарадзкога суду Алена Дзямешчанка прызнала яго вінаватым у дробным хуліганстве, дакладней, у вулічнай сварцы зь незнаёмым нецьвярозым чалавекам. Аднак ягоныя аднадумцы мяркуюць, што сытуацыю, разгледжаную судом, нехта справакаваў адмыслова, і сьведкамі таго, як Ігар Казьмярчак нібыта скандаліў пасярод вуліцы, сталі выпадковыя мінакі ў пагонах — начальнік аршанскага выцьвярэзьніку і намесьнік начальніка гарадзкога аддзелу міліцыі.

Васіль Леўчанкаў, кіраўнік аршанскага штабу Аляксандра Мілінкевіча, які сам быў атрымаў 7 сутак арышту напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мяркуе, што новая хваля судоў набірае размах напярэдадні 25 сакавіка, калі многія мясцовыя актывісты плянуюць паехаць у Менск. Аднак вялікага сэнсу ў такіх рэпрэсіях ён ня бачыць.

(Леўчанкаў: ) “Я не разумею лёгікі гэтых пасадак — увогуле, гэта нейкая дурасьць! Запалохаць? Дык вядома, што не запалохаюць. Ну, не прыедуць 25-га лішнія дзесяць чалавек. А што яны вырашаюць? Арыштавана, да прыкладу, сто, а на плошчы зьбяруцца 40 тысяч, ці хаця б 10 тысяч! Пасадка, каб нехта не паехаў 25-га ў Менск, нічога не вырашае. Абсалютна”.

Арыштаваны на 5 сутак Ігар Казьмярчак, які сапраўды зьбіраўся паехаць у Менск, лічыць, што яго асудзілі несправядліва, таму зь сёньняшняга дня абвясьціў палітычную галадоўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG