Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Амапаўцы плявалі на іх, зьбівалі... Поўнае бяспраўе ў краіне!"


Радыё Свабода Аб тым, што робіцца з арыштаванымі, расказваюць іхныя родныя.

Зьміцер Захарэвіч падазрае, што яго бацька знаходзіцца ў спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна. Але не ўпэўнены ў гэтым. Зьміцер расказвае, як бацька трапіў за краты:

(Захарэвіч: ) “Учора, каля 11 гадзін, ішлі каля плошчы, несьлі ежу. Мы веруючыя людзі, нас папрасілі, і мы несьлі. Гэта ж хрысьціянскі прынцып, накарміць чалавека. Спыніў нас супрацоўнік міліцыі (гэта было не на плошчы) і сказаў, што “зь ежай нельга”. Прыяжджае нарад, забірае майго бацьку. Добра, што ў яго мабільны з сабой быў. Я яму патэлефанаваў, ён сказаў, што ўжо ў Акрэсьціна. Вось з учора да сёньняшняга дня ніякай пра яго інфармацыі няма...”

Спадарыня Натальля, жонка Аляксандра Дабравольскага, ведае, што суд Фрунзенскага раёну адправіў яе мужа за краты на 10 сутак.

(Натальля: ) “Не далі магчымасьці патэлефанаваць сям''і... Ніякіх правоў у нас няма. Але самае страшэннае: з трох гадзінаў ночы да васьмі гадзінаў наступнага вечара мы ня ведалі яго месца знаходжаньня, дзе ён, што ён... Ці жывы чалавек... І гэта, між іншым, з кожным было.

Нам патэлефанавалі і сказалі, што можна перадаць перадачу для тых, хто трапіў у разьмеркавальнік. І вы ведаеце, там бегаюць родныя, блізкія, і ня могуць знайсьці сваіх дзяцей. Нідзе ні сьпісаў няма, ні магчымасьці датэлефанавацца. Такая абыякавасьць да людзей, да дзяцей, да іх лёсу!

Ніводны чалавек не атрымаў нармальную інфармацыю. Са мной была маці двух сыноў, Алейнік Галіна з Маладэчна. І яна больш двух сутак ня ведала пра лёс сваіх дзяцей! І толькі-толькі нам патэлефанавалі, і яна даведалася, што яны таксама ў разьмеркавальніку. Жах, канечне, мітусяцца і бацькі, і родныя, і сябры”.

Святлане, жонцы пакаранага 15-ю суткамі Анатоля Лябедзькі, пашанцавала трохі больш.

(Святлана: ) “Я яго ўчора бачыла, была на судзе. Я ўжо хоць ведаю, дзе ён, гэта цешыць. Мне зь ім спаткацца не даюць, таму ня ведаю, які ў яго настрой на гэты час. А ўчора нармалёва трымаўся”.

Аб тым, што ўвогуле робіцца ў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна, распавяла жонка Аляксандра Дабравольскага Натальля:

(Натальля: ) “Я бачыла некалькі хлопцаў, якіх выпусьцілі мо пад падпіску... Яны былі зьбітыя. Расказвалі, што хлопцаў кідалі ў аўтобус, адзін на аднаго, зьверху навальваліся амапаўцы. Плявалі на іх, зьбівалі са словамі: “Вам патрэбна рэвалюцыя? Калі ласка, атрымоўвайце!” Гэта тое, што пачула сёньня ля разьмеркавальніка. Поўнае бяспраўе ў краіне!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG