Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: 25 сакавіка вызначыцца, наколькі мы ўплываем на грамадзтва


Вольга Караткевіч, Прага А.Мілінкевіч прыйшоў прывітаць удзельнікаў акцыі пратэсту і паведаміў пра тое, што поўна ўначы ў яго была тэлефонная размова з прадстаўніком Эўразьвязу ў зьнешняй палітыцы Х.Салянам. Ён адказаў на канкрэтныя пытаньні ўдзельнікаў акцыі і даў інтэрвію Радыё Свабода.

(Мілінкевіч: ) "Я сёньня прыйшоў і паведаміў удзельнікам, што вельмі шмат званкоў ад розных людзей. Учора званіў Хаўер Саляна і быў вельмі ўзрушаны тым, што мужныя маладыя людзі у Беларусі, нягледзячы на такія жорсткія рэпрэсіі, стаяць і патрабуюць свабоды, непрызнаньня вынікаў гэтых псэўдавыбараў. Званіў таксама міністар замежных справаў Літвы. Многа падтрымкі з Эўропы, звоняць з усіх рэгіёнаў. Я лічу, што гэта вельмі важна, таму што Саляна казаў: няпраўда, што Беларусь не чакаюць у Эўропе, як кажа прапаганда. Беларусь чакаюць, але канечне не дыктатарскую, а дэмакратычную, маладую, новую, рэфармаваную Беларусь. І гэтыя словы я тут агучыў".

(Караткевіч: ) "Беларускае МЗС выклікала паслоў Эўразьвязу, якія наведалі Кастрычніцкую плошчу і нібыта заявілі пратэст у зьвязку з гэтай акцыяй. Што Вам вядома пра гэта і ці кантактуеце Вы з пасламі эўрапейскіх краінаў у Беларусі?"

(Мілінкевіч: ) "Так, позна ўвечары ў мяне былі размовы з пасламі Эўразьвязу, таму што на Акрэсьціна тыя людзі, якіх хапаюць тут на плошчы, ня маюць магчымасьці атрымліваць харчаваньне. Усім дазваляюць, а людзям з плошчы не. Безумоўна, гэта жорсткае парушэньне правоў чалавека. Нават у турме чалавек мае свае правы. І яны яшчэ сёньня будуць займацца гэтым пытаньнем. Я разумею, што рэжым хацеў бы, каб ніхто не заўважыў, што тут абываецца, каб паслы не перадавалі гэтую інфармацыю ў свае краіны, а таксама журналісты, але так ня будзе.

Мы падтрымліваем таксама тэлефонныя кантаты з дэмакратычнымі партыямі і лідэрамі ў Расеі. Яны таксама з намі, яны былі тут у дзень выбараў, пасьля выбараў. Павінны былі прыехаць як журналісты, бо як палітыкаў іх сюды не пусьцілі, як назіральнікаў таксама, але яны былі з намі. І сёньня таксама ўвесь час цікавяцца, як разьвіваюцца падзеі ў Беларусі".

(Караткевіч: ) "Вядома, што ў кіраўніка Вашага штабу Сяргею Калякіна было дрэнна з сэрцам. Дзе ён цяпер і які ягоны стан?"

(Мілінкевіч: ) "Яму прапанавалі легчы ў шпіталь. Я думаю, што гэта перагрузкі падчас кампаніі, ён вельмі стомлены. Але сытуацыя трошачкі лепшая, ён не захацеў легчы ў шпіталь і сёньня прыйдзе папрацаваць трошачкі ў штаб".

(Караткевіч: ) "Якія пэрспэктывы на плошчы, ці заклікаеце Вы заставацца, якія пэрспэктывы на 25 сакавіка і што адбудзецца далей пасьля акцыі 25 сакавіка?"

(Мілінкевіч: ) "Вельмі цяжка зь інфармацыяй, таму што ў нас абсалютная частка актывістаў затрыманая, у турмах, і нават для распаўсюду ўсё менш людзей, кіраўнікі раённых штабоў таксама сядзяць у турме. Але мы спраўляемся з гэтым, працуем у інтэрнэце і з дапамогай газэтаў распаўсюджваем інфармацыю. Я думаю, што гэта важны дзень, і колькасьць людзей будзе вызначаць, наколькі мы ўплываем на грамадзтва. Калі прыйдзе вялікая колькасьць – значыцца, мы трошачкі разбудзілі гэтае грамадзтва, калі прыйдзе менш – значыцца, трэба яшчэ працаваць. Гэта працэс, не ў адзін дзень робіцца".

(Караткевіч: ) "І апошняе пытаньне чалавечага пляну. Як Вы вытрымліваеце такія нагрузкі?"

(Мілінкевіч: ) "Ведаеце, хаця я такі моцны дзядзька даволі, я сам зьдзіўляюся, што ёсьць сілы, а думаю, што сілы ёсьць ад той энэргетыкі, якая сёньня на Беларусі. У апошнюю ноч я мала спаў, недзе чатыры гадзіны, а ў гэтую ноч мне дазволілі паспаць. Я таксама думаў, што буду стаяць, але мне сказалі, што я патрэбны здаровы, а не хістацца на нагах, таму сёньня 6 гадзін паспаў трошкі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG