Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамогуць прадпрымальнікі людзям на плошчы?


Радыё Свабода Кастрычніцкую плошчу Менску гэтымі днямі называюць беларускім “Майданам”. Сацыёлягі й палітыкі шукаюць прыклады падабенства й адрозьненьня паміж акцыяй пратэсту ў Менску й памаранчавай рэвалюцыяй у Кіеве. Сярод іншага ўзгадваюць, што вялікую дапамогу ўкраінцы мелі ад сваіх суграмадзянаў – прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў. Ці падтрымліваюць насельнікаў намётавага мястэчка ў Менску бізнэсоўцы-беларусы? Наш карэспандэнт пабываў у падземным гандлёвым цэнтры “Купалаўскі”, а таксама на мастацкай выставе-продажы “Вэрнісаж”, якая месьціцца за Кастрычніцкай плошчай Менску.

За сьпінамі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, сьцягамі й лёзунгамі схаваўся астравок казачных сюжэтаў: маляваныя кветкі ды гусары з дамамі. Менскі вулічны вэрнісаж працуе па графіку. Няўжо гандляры, якія былі байцамі за свае месцы на плошчы Свабоды, сёньня,так бы мовіць, заціхарыліся?

(Спадарыня: ) “Ёсьць усё-такі беларусы, вартыя вольнага жыцьця. Яны не патрапілі пад дыктатуру, жадаюць штосьці зьмяніць у гэтым жыцьці”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія тут гандлююць, маглі б дапамагчы матэрыяльна нейкім чынам?”

(Спадарыня: ) “У нас колькі кіраўніцтва, столькі й падаткаў. Мы мусім плаціць арэнду Камароўскаму рынку. І падаткі плацім, і сацыяльнае забесьпячэньне. Гэта значыць, што ў нас саміх шмат праблемаў”.

Пад плошчай – будзённае жыцьцё гандлёвага цэнтру “Купалаўскі”. Запытваю ў прадаўцоў, ці чулі яны пра праблемы людзей, што трываюць у жывых ланцугах на вуліцы.

(Спадар: ) “Што тычыцца мяне, то я зусім ня супраць купіць нейкія прадукты, ці іншым дапамагчы. Але ж вы самі ведаеце, якое зараз матэрыяльнае становішча. А што да маіх гаспадароў, то ня ведаю, што рэальна яны маюць, бо самі ведаеце, якая сытуацыя з падаткамі ў краіне. І колькі ім трэба “адшпільваць”. Таму, мяркую, мала чым яны могуць дапамагчы”.

Больш як год таму ў Кіеве нават буйныя бізнэсоўцы не палохаліся афішаваць сваю дапамогу майдану. Ці стала гэта прыкладам для беларускіх прадпрымальнікаў? Тлумачыць менскі эканаміст й прадпрымальнік Генадзь Мальцаў:

(Мальцаў: ) “Пэўная частка ня верыць, мажліва, у посьпех справы. Пэўная частка запалоханая. А трэцяя частка дапамагае”.

Дзясяткі добразычлівых людзей падвозяць на плошчу ў Менску адзеньне, ежу й ваду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG