Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці замінае акцыя пратэсту гарадзкому жыцьцю?


Радыё Свабода Беларускае тэлебачаньне й камунальныя службы Менску заяўляюць, што ўдзельнікі беларускага “Майдану” ствараюць антысанітарыю на Кастрычніцкім пляцы Менску. Учора рабочыя Менскводаканалу выявілі засьмечанасьць аднаго з каналізацыйных люкаў, якая здарылася нібыта па віне пратэстоўцаў. Акрамя таго, яны спасылаюцца на пратэсты жыхароў найбліжэйшых дамоў: тыя, маўляў, скардзяцца на шум, іншыя нязручнасьці, выкліканыя намётавым гарадком.

Непасрэдна каля аўтобуснага прыпынку на Кастрычніцкай плошчы міліцыянты ў чорнай уніформе перапыняюць усіх, хто трымае ў руках ёмістыя сумкі. Злуюць як затрыманых, так і мінакоў.

(Спадарыня: ) “У мяне таксама трэсьлі сумку – пакажыце што вы несяце? Давялося выкласьці і ваду ў плястыкавай пляшцы”.

Найбліжэйшы жылы дом – ад акцыі пратэсту – месьціцца па адрасе Незалежнасьці-23. У жанчыны на вуліцы запытваю – ці захаваны ў доме парадак?”

(Спадарыня: ) “У пад''езьдзе ў нас паламаныя ўсе лесьвіцы. Яны праводзілі ўсялякія сходкі, пілі, пасьля іх усе гэтыя пляшкі застаюцца. І вось зараз усё гэта адбываецца тут”.

(Карэспандэнт: ) “А што, хіба чужым людзям лёгка патрапіць за кодавы замок?”

(Спадарыня: ) “Ды я ведаю, што нават з нашага пад''езду былі – вучыцца ня хочуць, працаваць ня хочуць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, ці такая акцыя турбуе жыхароў бліжэйшых дамоў?”

(Другая спадарыня: ) “Ніхто іх не турбуе – гэта проста людзі вельмі нізкай сьвядомасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Тым ня менш, яны заяўляюць міліцыі, што вось гэтыя людзі на плошчы замінаюць ім спаць?”

(Другая спадарыня: ) “Ну, міліцыі яны, канечне, не даюць спаць. Міліцыя тут заяўляе такія рэчы, што калі б мне далі аўтамат, то я бы ўсіх тут панішчыў”.

На плошчы зараз некалькі сотняў чалавек. Адмыслова зьвяртаю ўвагу, што пад іхнымі нагамі: ніяк нельга сказаць што тут насьмечана.

(Юнак: ) “А мы прапаноўвалі прыбіральшчыкам, што дайце нам венікі й савочкі, і мы прыбярэм, што самі й робім. Я тут увесь час, усё бачу й раптам дазнаюся, што, паводле беларускага тэлебачаньня, мы тут насьмечваем і не прыбіраем. Гэта якраз той выпадак, што ўлада робіць увесь час – справакаваць нас, зрабіць нас ворагамі народа й нават ужыць сілу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG