Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу ў рэгіёнах


Юры Дракахруст, Прага Па ўсёй краіне працягваюцца затрыманьні і суды над палітычнымі актывістамі.

Берасьце

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, адсядзеўшы 5 сутак, пабыў на волі літаральна пяць хвілінаў і зноў быў арыштаваны. Сябры і паплечнікі сустракалі яго каля ізалятару часовага ўтрыманьня, аднак у вызначаны час Уладзімер Вялічкін зь ізалятару ня выйшаў: міліцыянэры паведамілі, што на выхадзе ён зноў зьдзейсьніў хуліганскі ўчынак. Вялічкіна ўжо сёньня ў другой палове дня даставілі ў суд і ізноў арыштавалі – на гэты раз на 7 сутак.

Сёньня ж выйшаў на волю першы з арыштаваных у часе выбарчай кампаніі берасьцейцаў – сакратар абласнога штабу Мілінкевіча Рыгор Бакіевіч. Ён быў затрыманы 14 сакавіка, калі выклікаў міліцыю ў сувязі з нападам на яго невядомага чалавека ў нецьвярозым стане. Міліцыянэры адвезьлі Бакіевіча ў пастарунак і абвінавацілі ў хуліганстве. Суд пакараў яго арыштам на 7 сутак.

Сёньня берасьцейская міліцыя затрымала прадстаўніка каманды Казуліна Івана Спасюка. Судзьдзя Алег Міранюк пакараў яго арыштам на 15 сутак па абвінавачваньні ў хуліганстве.

Гарадзеншчына

Сёньня ў Кастрычніцкім райсудзе Горадні пакаралі пяцідзённым арыштам Яўгена Лясоцкага і Андрэя Мялешку. Іхныя справы разглядала судзьдзя Людміла Жук. Яна вырашыла, што яны нецэнзурна лаяліся. Абодвух толькі ўчора выпусьцілі з-за кратаў. Першы свой пяцідзённы тэрмін Лясоцкі і Мялешка таксама сядзелі за лаянку. Учора Яўген пабыў на волі дзьве гадзіны, Андрэй — літаральна дзьве хвіліны.

Андрэя Шадуру, сябра каманды Мілінкевіча, выклікалі ў міліцыю й распавялі пра скаргі ад жыхароў Астраўца, якіх ён, нібыта, агітаваў ехаць на акцыю пратэсту ў Менску, і абяцаў плаціць за гэта ад 10 да 20 даляраў. Андрэй Шадура назваў гэтыя скаргі абсурднымі. Сёньня яго адпусьцілі, але на заўтра далі позву ізноў зьявіцца ў пастарунак.

Сёньня ж на волю ў Смаргоні выйшлі Алесь Дзергачоў і Юры Кутузаў. Яны адбылі пяцісуткавае пакараньне паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе ўлётак Мілінкевіча без выходных дадзеных і аказаньне супраціву міліцыянтам.

Дагэтуль за кратамі застаюцца шчучынскія актывісты Сяргей Ляшкевіч і Васіль Бязьмен.

Сёньня ж ашмянскага актывіста Яўгена Невядомскага міліцыянты вывезьлі на машыне за горад і дапытваліся, калі ён зьбіраецца ехаць у Менск. Нічога не дабіўшыся, яго адпусьцілі.

Віцебск

Кіраўніка віцебскага штабу Мілінкевіча Хрыстафора Жаляпава асудзілі на 10 сутак. Яго затрымалі ўчора незадоўга да пачатку акцыі пратэсту, якая распачалася а 19-й каля Летняга амфітэатру.

У часе гэтай акцыі былі затрыманыя 14 чалавек. Акрамя Жаляпава, які асуджаны да 10 сутак арышту, чатырох ўдзельніц акцыі – Сьвятлану Ідзельчык, Алену Фаміну, Кацярыну Фахарадзінаву і Марыю Зьвярынскую судьдзя Валянціна Міхасёва асудзіла на аднолькавыя штрафы ў памеры 620 тысячаў рублёў кожную.

Двое затрыманых віцебскіх актывістаў, Аляксей Гаўруцікаў і Сяргей Бялязка, з учарашняга дня абвясьцілі сухую галадоўку на знак пратэсту супраць затрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG