Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры ўвагі сусьветнай прэсы – беларускія выбары


Радыё Свабода Агляд сусьветнай прэсы 21 сакавіка.

Кожнаму, хто назіраў за палітычным жыцьцём у былым СССР, вядома, што калі выбацы ідуць да скрынак, гэта зусім не азначае, што адбываюцца сапраўдныя выбары, – гэтак пачынае свой артыкул уплывовая амэрыканская газэта "The New York Times". Дэмакратыя – гэта наяўнасьць выбару, а не прыход на выбарчыя ўчасткі для пацьвярджэньня статус-кво.

Кіраўніцтва Расеі ды іншых постсавецкіх дзяржаваў з радасьцю сустрэла навіну пра тое. Што іхні аўтарытарны саюзьнік Аляксандр Лукашэнка застаецца на трэці тэрмін, але міжнародныя назіральнікі назвалі міжнародная галасаваньне несумленным і недэмакратычным. Заходнія ўрады, у тым ліку адміністрацыя Буша, не прызналі вынікі выбараў. Газэта шмат піша пра рэпрэсіі супраць дзеячаў апазыцыі і заключае – “трыюмф, інсцэніраваны Лукашэнкам, гэткі ж пусты, як у любога іншага тырана”.

***

Газэта "Boston Globe" у артыкуле “Прыяцель Пуціна ў Менску” называе Лукашэнку “непапраўным сталіноідным галаварэзам”. Выданьне нагадвае, што КДБ напярэдадні галасаваньня пагражала патэнцыйным дэманстрантам сьмяротным пакараньнем, а сам Лукашэнка паабяцаў “зьвярнуць шыі”.

Лукашэнка застаецца ва ўладзе дзякуючы жорсткім рэпрэсіям, кантролю над сродкамі масавай інфармацыі і кантраляванай дзяржавай эканоміцы, якая застаецца на плаву за кошт таннага прыроднага газу і нафты, якія пастаўляюцца з Расеі. Кошт такіх субсыдыяў складае ад 3 да 5 мільярдаў даляраў у год.

“Адзіная рэальная пагроза,– лічыць "Boston Globe", якой могуць баяцца беларускія ўлады, можа сыходзіць з Расеі. Калі дзяржаўная расейская кампанія "Газпром" падвысіць істотна заніжаныя цэны на энэрганосьбіты, гэта проста разбурыць той “сацыяльны кантракт” савецкага стылю, які ўтрымлівае Лукашэнку ва ўладзе. Дагэтуль Уладзімер Пуцін выказваў гатовасьць аплачваць ўтрыманьне хаўрусьніка, які ставіць яго ў няёмкае становішча.

Але калі расейскі прэзыдэнт будзе ў ліпені прымаць ў Санкт-Пецярбургу кіраўнікоў краінаў вялікай васьмёркі G-8, яны павінны сказаць яму, што Лукашэнка – неналежны пратэжэ для Расеі зь яе прэтэнзіямі на дэмакратычнасьць.

***

Газэта "Wall Street Journal", апісваючы падзеі вакол намётага гарадку, зьвяртае ўвагу на словы Аляксандра Мілінкевіча – “Мы ўжо даказалі, што мы не баімся”.

У той час, калі адны расчараваны невялікай колькасьцю ўдзельнікаў акцыі, іншыя ўражаны, што ўвогуле хтосьці здолеў адкрыта і сьмела выказаць свой пратэст пасьля таго, як шэф КДБ пагражаў удзельнікам дэманстрацыяў пакараньнямі ажно да сьмяротнай кары. Мілінкевіч асьцерагаецца, што Лукашэнка можа аддаць загад на разгон намётавага гарадку пасьля таго, як у заходніх журналістаў зьнікне інтарэс да гэтай акцыі.

***

"Washington Post" апісвае падзеі апошняга дня і адзначае, што шматтысячныя пратэсты ў Менску беспрэцэдэнтны для краіны, дзе стала караюць нават за несанкцыянаваны збор дзясятка чалавек. “Я веру, што павінна зрабіць гэта, гэта мой абавязак”, – гаворыць карэспандэнту газэты адна з удзельніц акцыі, 22-гадовая былая студэнтка Любоў Кучынская, якая была выгнаная з тэхнікуму за сваю палітычную дзейнасьць. – Я хачу жыць у свабоднай краіне”.

***

Як піша француская "Le Monde", падзеі ў Беларусі ня сталі аранжавай рэвалюцыяй ў Кіеве. Цяпер Беларусь –гэта апошні элемэнт буфэрнай зоны, якой Расея хоча адмежавацца ад Эўрапейскага Зьвязу і НАТО. Пуціну не падабаецца Лукашэнка, аднак рэвалюцыя яму падабаецца яшчэ меней.

Раней Пуцін без ваганьняў скарыстоўваў энэргетычныя пастаўкі як рычаг ціску на Лукашэнку, але цяпер ён лічыць выгадным для сябе існаваньне незалежнай Беларусі. Яна можа быць інструмэнтам у расейскай стратэгіі заваёвы блізкага замежжа. Беларусь складае частку расейскай сыстэмы ваеннай бясьпекі і зьяўляецца арсэналам для вялікага суседа.

Як піша "Le Monde", “для Ўладзіміра Пуціна, які ўсё ж больш клапоціцца пра сваю рэпутацыю на Захадзе, Лукашэнка застаецца нязручным, але карысным дыктатарам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG