Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме на Акрэсьціна не прымаюць перадачы палітвязьням


Алег Грузьдзіловіч, Менск У менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна адмаўляюцца прымаць перадачы для асуджаных за ўдзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Тым часам болей за пяцьдзясят сваякоў асуджаных зьвярнуліся ў пракуратуру Менску са скаргай.

Сёньня раніцай ля брамы ізалятару на вуліцы Акрэсьціна пачалі зьбірацца сваякі тых, каго раней затрымалі на Кастрычніцкай плошчы й на падыходах да яе. Да поўдня людзей набралася больш за пяцьдзясят чалавек. Мала хто сыходзіў, бо высьветлілася, што перадачаў не прымаюць і ня кажуць, калі пачнуць прымаць. Таксама не былі вывешаны сьпісы людзей, якія будуць адбываць пакараньне ў гэтым ізалятары. Людзі абураліся.

(Спадарыня: ) “Ніякай інфармацыі пра дзяўчыну — ні дзе яна, ні што зь ёй. Зьбіраем подпісы ўсім факультэтам, іншымі факультэтамі, каб яе ня дай Бог ня выключылі. Калі ня дай Бог яе тут паб’юць, скалечаць — гэта ж жахліва. Чаго мы баімся!”

Празь некалькі гадзінаў чаканьня людзі пачалі складаць скаргу ў пракуратуру. Адзін са сваякоў прачытаў тэкст скаргі й прапанаваў падпісвацца.

(Спадар: ) “З 19 сакавіка 2006 году ў аб’яднаным спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, верагодна, знаходзяцца грамадзяне Беларусі, якія зьніклі 19, 20, 21 сакавіка — верагодна, затрыманыя праваахоўнымі органамі ў сувязі з падзеямі апошніх гадоў — грамадзкі пратэст. Дагэтуль няма дакладнай інфармацыі пра склад затрыманых. Дзяжурны заяўляе, што ёсьць загад не прымаць харчаваньня, лекаў, літаратуры. Мы патрабуем пакараць вінаватых у парушэньні заканадаўства, паведаміць, дзе знаходзяцца нашы сваякі, дазволіць перадаць ім патрэбныя харчы, лекі, Бібліі”.

Скаргу падпісалі болей як пяцьдзясят чалавек. У другой палове дня скаргу завезьлі ў пракуратуру Менску. Многія засталіся ля ізалятару, паколькі дзяжурны міліцыянт паабяцаў, што хутка будуць вывешаны сьпісы арыштаваных. Між тым, у гэты ж час дзяжурны менскага ўпраўленьня міліцыі заявіў па тэлефоне, што “ніхто ніякіх сьпісаў вывешваць ня будзе”.

Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч сказаў сёньня Радыё Свабода, што ня ведае агульнай колькасьці затрыманых за падзеі на Кастрычніцкай плошчы. Тым часам у прэсавай службе сталічнай міліцыі паведамілі пра 450 розных парушэньняў за два мінулыя дні — правілаў дарожнага руху, дробнае хуліганства, дробныя крадзяжы і нават несанкцыянаваны гандаль. Усе 450 парушэньняў адбыліся ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

“Частка затрыманых пакараныя арыштамі”, — заявіў прэсавы сакратар гарадзкой міліцыі Алег Сьлепчанка.

Затрыманьні працягваліся і сёньня, 22 сакавіка. Пакуль я знаходзіўся побач з ізалятарам, туды прывезьлі прынамсі два аўтобусы з затрыманымі. Паводле зьвестак незалежных крыніцаў, у ноч на 22 сакавіка і раніцай было затрымана больш за пяцьдзясят чалавек. У гарадзкой міліцыі гэтых зьвестак пакуль не пацьвярджаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG