Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія меркаваньні лідэраў грамадзкай думкі пра падзеі на плошчы?


Радыё Свабода Сярод удзельнікаў акцыі пратэсту – вядомыя дзеячы беларускай навукі й культуры. Іхныя меркаваньні запісаў наш карэспандэнт.

Мастак Алесь Марачкін лічыць, што прадстаўнікі розных палітычных плыняў зараз вучацца супольнаму змаганьню супраць дыктатуры рэжыму.

(Марачкін: ) “У 2001 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах сытуацыя была зусім не падобная на сёньняшнюю. Сапраўды, як кажуць кандыдаты на прэзыдэнта, “Беларусь прачнулася ў новым стане”. Ёсьць надзея, што нарэшце мы супольна здольныя прыпыніць гэты гвалт, што ідзе ад уладаў й гэтага кіраўніка. Краіна ў цэнтры Эўропы ня мусіць быць “чорнай дзіркай”. А пэрспэктывы я бачу вялікія. Кола гісторыі не перапыніць”.

Далей – меркаваньне дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, прафэсійнага гісторыка Валянціна Голубева.

(Голубеў: ) “Гэта сапраўды пералом у змаганьні Беларусі. Сярод той моладзі, якую мы выхоўвалі ад 1991 году, зьявіліся людзі, цалкам адданыя Беларусі. Беларускай справе й дэмакратыі. Я лічу, што якраз тут фармуецца пачатак той грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якой мы жадаем. І я асабіста больш як 10 гадоў працую на гэта. Я баюся, што гэты чалавек разгоніць іх, як нас калісьці ў парлямэнце. Усё можа быць. Але без наступстваў гэта ўжо ня пройдзе. І гэта толькі на карысьць Беларусі”.

Дакумэнталістам найноўшай гісторыі Бацькаўшчыны зьяўляецца кінарэжысэр Віктар Дашук. Ён звычайна не камэнтуе апэратыўныя падзеі, думкі канцэнтруе ў аналітыцы. Але палітычную волю народу на пляцы вызначае як жыватворны працэс.

(Дашук: ) “Заўжды любое дзеяньне, нават роздум чалавека, ізаляванага ў сырой цямніцы, як заўважыў паэт, знаходзіць матэрыяльнае ўвасабленьне. Так што цяперашнія дзеяньні на пляцы маюць свой сэнс. Але нам трэба ад крыку пераходзіць да нейкай канкрэтыкі. На жаль, зараз ніхто не займаецца рэчамі, што тычацца фальсыфікацыі выбараў. На жаль...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG