Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы прыйшлі паставіць кропку на дыктатуры" (галасы мітынгоўцаў)


Радыё Свабода Актыўны ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкім пляцы Менску прымае моладзь. Гэта студэнты, навучэнцы, працоўная моладзь. Многія з гэтых людзей прыехалі зь іншых гарадоў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Малады чалавек, які загарнуўся ў бел-чырвона-белы сьцяг. Скажыце, калі ласка, хто вы й адкуль?”

(Юнак: ) “Я прыехаў з горада Дзятлава Гарадзенскай вобласьці, каб падтрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту, адзінага кандыдата. Я тут зь сябрамі, зь якімі некалі вучыўся разам”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці шмат вы ведаеце людзей у сваім асяродку, якія падзяляюць вашыя думкі й перакананьні?”

(Юнак: ) "Так, шмат. Яны тут таксама, а многія яшчэ прыедуць".

(Карэспандэнтка: ) “А што адбываецца ў вашым Дзятлаве? Якія настроі там у людзей?”

(Юнак: ) “Там таксама ёсьць мае сябры, якія з намі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы адчуваеце гэтую сувязь і падтрымку?”

(Юнак: ) “Так, яны пытаюцца, што тут адбываецца, а я ім тэлефаную й распавядаю, а таксама запрашаю сюды прыехаць”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто вы, маладыя людзі, адкуль?”

(Юначка:) “Мы зь Менску, студэнты. Не адносімся ні да якіх арганізацыяў, але падтрымліваем Аляксандра Мілінкевіча, падтрымліваем усе гэтыя акцыі за свабоду. Хочам дамагчыся незалежнасьці й свабоды нашай краіне, будзем змагацца да апошняга”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вашыя сябры, ці падтрымліваюць вас?”

(Юнак: ) Так, падтрымліваюць. Мае сябры таксама тут, і мы другі дзень тут стаім”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці шмат людзей падтрымлівае вас у вашым асяродку?”

(Юнак: ) “Канечне, шмат. Проста па тэлебачаньню шмат запалохваюць людзей, а таму менш прыходзіць. Я думаю, што калі людзі пабачаць колькі нас, то будзе больш, больш і больш”.

(Юначка:) “Падтрымліваюць, але шмат людзей баіцца, яны баяцца рэпрэсіяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не крыўдна вам, што вы рызыкуеце, а нехта таксама хацеў бы паўдзельнічаць, але ён баіцца?”

(Юначка: ) “Крыўдна, канечне, але кожны сам выбірае свой шлях і свой лёс”.

(Карэспандэнтка: ) “Маладыя людзі ў коўдрах – адкуль коўдры?”

(Юнак: ) “Людзі далі”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы сюды адкуль прыйшлі – з працы, з вучобы?”

(Юначка: ) “З працы”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашай працы якія настроі? Ці ведаюць там чаго вы сюды прыйшлі?”

(Юначка: ) “Нэгатыўныя настроі ў мяне на працы – усе за Лукашэнку”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму тады вы прыйшлі?”

(Юначка: ) “Я за свабоду”.

(Юнак: ) “Мы прыйшлі сюды дзеля свабоды й будзем стаяць да канца”.

(Юначка: ) “Мы ня будзем здавацца. Мы прыйшлі, каб тут паставіць кропку. Кропку на дыктатуры, кропку на ўсім, што было за 12 год”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG