Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя госьці пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы


Радыё Свабода, Менск Журналісты, турысты і актывісты грамадзянскіх ініцыятываў некаторых карцінаў падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад падзеяў на Кастрычніцкім пляцы ў Менску з карэспандэнтам “Свабоды”.

Паляк Міхал Янкоўскі піша кніжку пра Беларусь:

(Янкоўскі: ) “Першае ўражаньне – вялікае шкадаваньне, што падзеі нядзелі 19-га так скончыліся, што хтосьці сказаў “ідзіце да дому, заўтра спаткаемся”. І ўсё спынілася. У мяне перад вачыма стаіць тая дзяўчына, якая кінула працу, бо чакала перамогі, новай вольнай Беларусі. І яна плача, не разумеючы, чаму людзі не засталіся на пляцы, што ўсё гэта гасьне”.

Францужанка Жанэт Дзюпон бывала ў розных краінах сьвету, і верыць, што лепшае заўжды пачынаецца з малога:

(Дзюпон: ) “Мы чакалі, што рэпрэсіі пачнуцца адразу ж, і не чакалі, што пабачым столькі людзей, якія наважацца прыйсьці пасьля ўсіх пагрозаў, што прыходзілі праз мэйлы і праз смс-скі. Пачынаць трэба з малога. Міліцыя зараз ня ўмешваецца ў тое, што адбываецца. І трэба рабіць тое, што робіцца, і працягваць гэта рабіць, нават, калі прысутнічае 50 чалавек”.

Расейскія юнакі з Екацерынбургу і Масквы бралі ўдзел у падзеях на ўкраінскім Майдане:

(Хлопцы: ) “Ашаламляльнае адчуваньне, шмат людзей прыйшло. Наагул не чакаў, што тут будзе нейкае падабенства да Майдану. Калі абвясьцілі, што ўсталяваныя першыя тры намёты, гэта ўсім надало крылаў. Гэта ўсё ашаламляе, бо калі мы сюды ехалі, чакалі, што народу будзе меней”.

Украінскі хлопец Антон зь Ровенскай вобласьці ўпершыню патрапіў у Беларусь:

(Антон: ) “Я ўражаны. Я не чакаў, што будзе так. Я быў настроены, што тут будзе больш страшна, быў настроены на сілавы варыянт. Але дзякаваць Богу, пакуль нічога такога няма”.

(Карэспандэнт: ) “Якая тут на пляцы зараз атмасфэра?”

(Антон: ) “Баявая ў добрым сэнсе слова. Людзі мабілізаваныя, настрой узьняты. Я мяркую, ён пратрымаецца яшчэ досыць доўга. Я ў Беларусі першы раз, і пабачыў, што народ Беларусі такі самы, як і народ Украіны. Нават словы “свабода” і “ганьба” гучаць па-ўкраінску і па-беларуску аднолькава. Мяркую, гэта сымбалічна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG