Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: арыштаваны Сяргей Парсюкевіч працягвае сухую галадоўку


Радыё Свабода Адміністрацыя ізалятару часовага ўтрыманьня папярэджвае, што з заўтрашняга яму будзе прызначана прымусовае сілкаваньне

Сяргея Парсюкевіча, асуджанага 19-га сакавіка на пяць сутак арышту, сёньня адведаў кіраўнік віцебскага штабу Аляксандра Мілінкевіча — Хрыстафор Жаляпаў. Спадар Жаляпаў кажа, што галоўнай мэтай сустрэчы было адгаварыць спадара Парсюкевіча ад працягу сухое галадоўкі, бо той мае цяжкія хранічныя захворваньні.

(Жаляпаў: ) “Я вельмі ўсхваляваны, бо першы раз бачыў свайго сябра Сяргея Парсюкевіча ў такім стане: ён схуднеў, ён дужа бледны. Ведаючы, што ён цяжка хворы (ён -- астматык, і ў яго праблемы са страўнікам), я прыехаў прасіць, каб Сяргей перастаў галадаваць, тым больш — насуха Але ён мне сказаў: “Буду галадаваць! Зь мяне зьдзекуюцца ўжо некалькі дзён. Няхай зьдзекуюцца й далей!”

Зьдзекам Сяргей Парсюкевіч найперш лічыць свай арышт і яго акалічнасьці. Спадара Парсюкевіча затрымалі 19-га сакавіка а 8-й раніцы, калі ён прыйшоў на выбарчы ўчастак, дзе быў зарэгістраваны назіральнікам, і запатрабаваў, каб скрыні для галасаваньня былі апячатаны зь ягонай прысутнасьцю. Старшыня выбарчай камісіі выклікаў міліцыю, і Сяргея павезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел, дзе за колькі дзён да выбараў на яго ўжо былі складзены тры пратаколы пра адміністрацыйныя парушэньні.

Затрыманага Парсюкевіча асудзілі тут жа, у нядзелю, на закрытым судовым пасяджэньні — асабіста старшыня Кастрычніцкага райсуду прысудзіў яму 5 сутак за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Падсудны з абвінавачаньнем не пагадзіўся, бо ён сам ёсьць пэнсіянэрам МУС, і таму добра ведае, як трэба паводзіцца з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Свой арышт ён лічыць палітычным перасьледам, бо гэта й сталася непасрэднай прычынай галадоўкі.

Паводле Сяргея Парсюкевіча, у ізалятары часовага ўтрыманьня ў яго адабралі ўсе жыцьцёва неабходныя лекі, і нават інгалятар — найпершы сродак ад прыступу астмы, на якую пакутуе: цяпер даводзіцца штораз прасіць у дзяжурнага, і ў мінулую ноч давялося чакаць 20 хвілін, пакуль усё-ткі прынесьлі патрэбны сродак.

Прадстаўнік адміністрацыі ізалятару часовага ўтрыманьня Юры Ульман паведаміў, што, згодна з унутраным распарадкам, на трэція суткі галадоўнікам пачынаюць прымусова ставіць кропельніцы зь сілкавальнымі растворамі. Сяргей Парсюкевіч кажа, што не дапусьціць такога гвалту зь сябе. Таму ягоныя аднадумцы непакояцца: ці не пацягне гэтакі супраціў за сабою новы тэрмін — за непадпарадкаваньне ўнутранаму рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG