Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ад Літвы: за такі падлік галасоў у нас бы пасадзілі ў турму


Тацяна Поклад, Вільня Назіральнікі місіі АБСЭ зь Літвы прадставілі сёньня ў Сойме свае высновы адносна грубых парушэньняў і рэпрэсіяў супраць апазыцыі ў часе выбараў. Літоўскія парлямэнтары, якія былі ў складзе місіі назіральнікаў АБСЭ, на паседжаньні сакратарыяту Сойму зарэгістравалі праект рэзалюцыі, якая рэзка асуджае рэпрэсіі ў Беларусі, парушэньне ўсіх дэмакратычных стандартаў падчас выбараў.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Сойме сёньня былі прадстаўленыя вынікі назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах прадстаўнікоў літоўскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (ПА АБСЭ).

Парлямэнтары распавядалі пра грубыя парушэньні ў часе галасаваньня і падліку галасоў, фальшывыя бюлетэні, якія бачылі сваімі вачыма, адзначалі атмасфэру страху і запалохваньня, якую імкнуліся стварыць улады Беларусі.

Віргініюс Домаркас, кіраўнік літоўскай дэлегацыі ў ПА АБСЭ, пералічыў шматлікія грубыя парушэньні ў часе выбараў і сказаў, што беларускія ўлады дзейнічалі паводле колішніх савецкіх правілаў.

(Домаркас: ) "Адбыліся ня выбары і не падлік галасоў, а толькі галасаваньне і абвестка вынікаў. Уся перадвыбарчая кампанія была на 90 працэнтаў прысьвечаная Лукашэнку і абапіралася на запалохваньне людзей. Пра іншых кандыдатаў нічога нідзе ня было бачна, хіба толькі налепкі гэтак высока на слупах, што там і КДБ іх мусіць не заўважала і таму пакінула. Зь Беларусі назіральнікамі былі выключна людзі самога А.Лукашэнкі, назіральнікаў ад апазыцыі ня было бачна".

Рымантас Дагіс з парлямэнцкай дэлегацыі Літвы ў ПА АБСЭ адзначыў, што ў Беларусі панавала атмасфэра татальнага адсочваньня, супрацоўнікі спэцслужбаў пастаянна здымалі ўсё на камэры:

(Дагіс: ) "Працэдура падліку галасоў была такая, што ў Літве за такую дзейнасьць тым, хто так падлічваў бы галасы, паводле крымінальнага кодэксу прысудзілі б ня меней як два гады зьняволеньня".

Парлямэнтары адзначылі, што ўздым дэмакратычных сілаў у Беларусі, тое, што адбываецца ў Менску, беларуская ўлада ўсімі сіламі імкнецца схаваць ад іншых рэгіёнаў краіны.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі парлямэнцкай фракцыі лібэралаў, якія былі ў Беларусі, Альгіс Кашэта і Пятрас Аўштравічус, зарэгістравалі праект рэзалюцыі адносна вынікаў выбараў у Беларусі. У тэксьце гаворыцца: “Сойм Літвы рэзка асуджае і патрабуе неадкладна спыніць усе праявы гвалтоўных дзеяньняў улады Беларусі супраць прадстаўнікоў апазыцыі” і “падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі ды заклікае міжнародную супольнасьць працягваць агульныя намаганьні дзеля стварэньня свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі”.

Гл.таксама • Дзярждэпартамэнт: ЗША прыме сур''ёзныя меры • ЗША не прызнаюць вынікі беларускіх выбараў

• Міністры Эўразьвязу: выбары не былі дэмакратычнымі • Міністар замежных справаў Эўразьвязу – пра выбары ў Беларусі • Дэлегацыя Эўрапарлямэнту: Лукашэнка ня можа быць прызнаны легітымным прэзыдэнтам • Тэры Дэвіс: "Перамога Аляксандар Лукашэнкі – несумленная" • АБСЭ: выбары ў Беларусі не былі свабоднымі і справядлівымі • Ангела Мэркель падтрымлівае беларускую апазыцыю

• Івонка Сурвіла: “Сьвет разумее, што выбары не адбыліся”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG