Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкай плошчы 18 намётаў, уначы затрымана каля 30 чалавек


Радыё Свабода Раніцу 21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сустрэла каля 500 чалавек. Цягам ночы там зьявіўся намётавы лягер, цяпер у ім 18 намётаў. А.Мілінкевіч у сваім выступе выказаў удзельнікам акцыі падзяку за іхную падтрымку. Усе падыходы да плошчы кантралююцца супрацоўнікамі міліцыі. А 6-й гадзіне аднавіўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы, які пачаўся з гімну "Магутны Божа".

7:30

(Карэспандэнт: ) "Намётавы гарадок з 18 намётаў, у якім мы зараз знаходзімся, вытрымаў 10 хвілінаў таму гэткую псыхалягічную каманульаную атаку – трактары, якія прыбіраюць плошчу, пад''яжджалі да яго амаль ушчыльную і амаль закраналі людзей, але нікога не зачапілі. Такім чынам гэтая атака, так бы мовіць, была адбітая. Пакрыху падыходзяць новыя людзі, нягледзячы на тое, што выхад з мэтро ў раёне плошча Кастрычніцкая зачынены.

Паводле ранейшай інфармацыі, затрыманыя ўначы А.Лябедзька, А.Янукевіч, А.Дабравольскі знаходзяцца на Акрэсьціна і, магчыма, іх будуць судзіць".

7:00

Зараз на Кастрычніцкім пляцы праходзіць імправізацыйная дыскатэка: людзей у намётавым гарадку паменела, уначы іх было 500 чалавек, зараз раніцай некаторыя маладыя людзі, студэнты, паехалі на вучобу, тым ня менш, некалькі сотняў маладых людзей стаіць колам вакол 18 намётаў.

А.Мілінкевіч і А.Казулін у гэты момант пакінулі плошчу, але будуць тут крыху пазьней. Цяпер вакол маладых людзей езьдзіць камунальная тэхніка, нібыта прыбіраецца плошча.

Дарэчы, міліцыя, акрамя таго, што затрымлівала маладых людзей на падыходах, непасрэдна да ўдзельнікаў не чаплялася. Камандзір палка міліцыі спэцпрызначэньня палкоўнік Падабед паведаміў журналістам, што ў іх ёсьць загад не чапаць удзельнікаў гэтай акцыі.

6:00

Раніцу 21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы сустрэла каля 500 чалавек. Пакрыху далучаюцца новыя людзі. Каля 30 чалавек сустрэлі раніцу ў пастарунках: тыя, хто цягам начы адыходзілі ў кавярню ці ў прыбіральню, рызыкавалі быць затрыманымі. Так затрымалі А.Лябедзьку, А.Дабравольскага, А.Янукевіча ды іншых. Міліцыя арыштавала і Звон свабоды – звон цяпер знаходзіцца ў цэнтральным РАУС Менску. А 6-й гадзіне аднавіўся мітынг на Кастрычніцкай плошчы, які пачаўся з гімну "Магутны Божа".

(Карэспандэнт: ) " Літаральна пару хвілінаў таму пачаўся афіцыйны зварот Аляксандра Мілінкевіча да тых пяцісот маладых людзей, якія прастаялі ўсю ноч на плошчы, дзе разьбіты намётавы лягер, у якім ужо ўсталявана 18 намётаў. На плошчы таксам шмат замежных журналістаў, назіральнікаў. У руках маладых людзей – бел-чырвона белыя сьцягі а таксама сьцягі Грузіі, Расеі, Эўразьвязу, Украіны, руху Зубр.

Ноч не была такой ужо лёгкай. Усе падыходы да плошчы кантралююцца супрацоўнікамі міліцыі, і тыя людзі, якія з намётавага лдягеру, якія паспрабавалі у адзіночку ці ў некалькі чалавек адыйсьці кудысьці па ежу ці цёплыя рэчы, былі затрыманыя.

Уначы агулам было затрымана каля 30 чалавек. Сярод іх – давераныя асобы А.Мілінкевіча А.Лябедзька, А.Дабравольскі, А.Янукевіч, актывісты Зубра і іншых моладзевых арганізацыяў.

Пакуль нічога пра іх лёс не вядома. Хутчэй за ўсё яны знаходзяцца ў адным з пастарункаў міліцыі. магчыма нават у спэцпрыёмніку на Акрэсьціна – дакладна будзе вядома цягам сёньняшняга дня.

Гэтую ноч правёў на плошчы і Аляксандар Казулін.

Маладыя людзі ўвесь час крычаць "Застаемся! Будзь разам з намі!"

А.Мілінкевіч зьвярнуўся да прысутных, падзякаваў ім – тым, хто прастаяў усю ноч і пачаў новую гісторыю Беларусі. А.Мілінкевіч заклікаў іх пратрымацца яшчэ дзень і яшчэ адну вялікую масавую акцыю распачаць а 18.30 зноў на Кастрычніцкай плошчы.

Выступіў і А.Казулін, які сказаў, што, напэўна, гэтую ноч ня спаў разам з мітынгоўцамі і Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG