Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць Анатоля Лябедзьку


Радыё Свабода Сёньня ў судзе Савецкага раёну Менску будзе разглядацца справа Анатоля Лябедзькі. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і ў парушэньнях распаўсюду друкаванай прадукцыі. Ня выключана, што ў суд Цэнтральнага раёну прывязуць людзей, якіх затрымалі на Кастрычніцкай плошчы, калі тыя несьлі людзям цёплыя рэчы і харчы.

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку затрымалі 16 сакавіка каля будынку, дзе месьціцца партыйны офіс. У машыне зрабілі ператрус і знайшлі пачак газэты “Глоток воздуха”. Супрацоўнікі міліцыі склалі на апазыцыянэра тры пратаколы – за парушэньні ў часе паркоўкі аўтамабіля, за парушэньні ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі і, як гэта ўжо стала звычайнай зьявай, за дробнае хуліганства. Увечары Анатоля Лябедзьку прывезьлі ў суд, нягледзячы на тое, што працоўны дзень ужо скончыўся.

Міліцыянты не знайшлі судзьдзю, які б пагадзіўся разглядаць пратаколы пасьля заканчэньня працоўнага дня і адвезьлі яго зноў у аддзел міліцыі. Позна ўвечары ў гаражы апазыцыянэра пачаўся ператрус. Як толькі туды прыехалі паплечнікі Анатоля Лябедзькі і доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЭ, міліцыянты спынілі ператрус. Позна ўначы кіраўнік міліцыі Савецкага раёну ўручыў Анатолю Лябедзьку позву ў суд на 21 сакавіка. Паплечнікі Анатоля Лябедзькі былі вельмі зьдзіўленыя, калі даведаліся, што іх лідэра не пасадзілі адразу як іншых у спэцпрымальнік-разьмеркавальнік. За кратамі гэтай установы ўжо знаходзяцца больш за паўсотні палітвязьняў.

Гаворыць кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін:

(Калякін:) “На мой погляд, гэта ўжо агонія, калі людзі баяцца пакідаць на свабодзе лідэраў, якія ўдзельнічалі ў кампаніі Мілінкевіча, і намагаюцца іх ізаляваць. Калі людзі непакояцца за сваю ўладу. Ня вераць у падтрымку, якая ў іх яшчэ, магчыма, засталася ў народа. Гэта заўсёды пачатак канца”.

У Цэнтральным судзе будуць чакаць людзей, якіх затрымалі на плошчы позна ўвечары. Пакуль невядомыя іх прозьвішчы. Людзей спынілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, калі тыя былі ўжо побач з плошчай. Людзі несьлі цёплыя рэчы і харчы. Міліцыянты хутка пасадзілі людзей у машыны і зьехалі. Невядома - адпусьцілі іх альбо склалі пратаколы за якое-небудзь парушэньне і адвезьлі ў спэцпрымальнік да суду. На Берасьцейшчыне адбудуцца некалькі судоў над затрыманымі ўчора актывістамі апазыцыі.

За кратамі спэцпрымальніка трымаюць пяцёх актывістаў украінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва”. Учора сябры арганізацыі правялі пікет на украінска-беларускай мяжы з патрабаваньнем вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG