Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Савецкага раёну Менску пакаралі затрыманых 17—19 сакавіка


Севярын Квяткоўскі, Менск Затрыманых напярэдадні выбараў пакаралі за дробнае хуліганства — з фармулёўкай “нецэнзурная лаянка”. Сяржук Высоцкі зь Беларускай партыі свабоды арыштаваны на 5 сутак. Маладафронтавец Барыс Гарэцкі атрымаў 7 сутак. Сябра Партыі БНФ Сяргей Салаш асуджаны на 3, а ЗБС-аўцы Васіль Лепеш і Ян Марозаў атрымалі 5 сутак кожны. Таксама сябры ініцыятывы “Хопіць!” Яўген Скрабутан і Зьміцер Мацельскі атрымалі 5 сутак кожны. Юрась Карэтнікаў з “Правага альянсу” — 7 сутак. А Ўладзімер Юхо з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пакараны на пяць сутак адміністрацыйнага арышту.

Перад будынкам суду затрыманых віталі паплечнікі. Уладзімера Юхо затрымалі 19 сакавіка на выбарчым участку з ініцыятывы старшыні выбарчай камісіі. Падстава — спроба вынасу бюлетэню. Намесьнік старшыні КХП—БНФ Юрась Беленькі скіраваў адмысловую заяву ў пракуратуру пра парушэньне заканадаўства:

(Беленькі: ) “Я быў у пракурора Савецкага раёну — спадар Платніцкі абяцаў, што будзе тэрміновае рэагаваньне на дадзеную заяву”.

У судзе Савецкага раёну справу перакваліфікавалі ў дробнае хуліганства якое, нібыта, выявілася ў лаянцы. У тым жа зьвінавацілі іншых:

(Сіневіч: ) “Гэты грамадзянін пачаў мяне абражаць са зьдзеклівым выглядам — натуральна, прысутнічала нецэнзурная лаянка”.

Такія тлумачэньні даў маёр міліцыі Сяргей Сіневіч у справах большасьці затрыманых. Лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў абвергнуў словы сьведкаў-міліцыянтаў. Сярод іншага Юрась Карэтнікаў заявіў:

(Карэтнікаў: ) “Я штодзённа беларускамоўны чалавек, а ў беларускай мове адсутнічае нецэнзурная лаянка. А па-другое, я пэўны час працаваў выхавацелем у дзіцячым інтэрнаце. Я маю і нашу высокае імя пэдагога”.

Адвакат Павал Сапелка патрабаваў спыніць судовую справу. Сярод іншых аргумэнтаў адвакат указваў на тое, што ў судзе сьведчаць толькі міліцыянты, якія зьяўляюцца зацікаўленым бокам:

(Сапелка: ) “Іхныя сьведчаньні мусяць быць ацэнены крытычна. Бо яны і ёсьць тымі самымі прадстаўнікамі органу ўлады, які складаў адміністрацыйны пратакол”.

Судзьдзя Людміла Савасьцян аргумэнтаў адваката да ўвагі не прыняла.

Кіраўнік незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі быў затрыманы 19 сакавіка за паўтары гадзіны да пачатку акцыі за перамены:

(Высоцкі: ) “Натуральна, забіралі арганізатараў — людзей, якія могуць штосьці сказаць, неяк абнадзеіць людзей. Але людзі выйшлі ўсё роўна. Выйшлі простыя людзі, без актывістаў. Гэта паказьнік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG