Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: “У краіне адбыўся антыканстытуцыйны пераварот”


Радыё Свабода Аляксандар Казулін не прызнае вынікаў выбараў і настойвае на іх паўтарэньні ўлетку. Да гэтага часу ён лічыць, што неабходна, каб Аляксандар Лукашэнка спыніў выконваць абавязкі прэзыдэнта.

Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін не прызнае афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 19 сакавіка. Пра гэта Аляксандар Казулін заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле Казуліна, перамога на выбарах Аляксандра Лукашэнкі, пра якую абвясьціў Цэнтравыбаркам, — сапраўдны канстытуцыйны пераварот, бо яна “стала вынікам масавых фальсыфікацыяў”. Вінаватым у зрыве выбараў спадар Казулін лічыць таксама Цэнтравыбаркам.

(Казулін: ) “Мы маем каля чатырохсот пацьверджаных выпадкаў фальшаваньня выбараў. Палова зь іх тычыцца датэрміновага галасаваньня, другая палова самаго факту галасаваньня. Найбольш выразныя выпадкі: прыкладам, у Жодзіне на ўчастку №7 ужо ў 10 гадзінаў былі падпісаны чыстыя пратаколы сябраў камісіі. Лёзунг Сталіна, што ня важна, як галасуюць, а важна, як лічаць, у нас цалкам ажыцьцявілі”.

Выйсьце з гэтага крызісу Аляксандар Казулін бачыць у правядзеньні паўторных выбараў улетку, але праводзіць іх мусіць Цэнтравыбаркам у іншым складзе, з удзелам прадстаўнікоў палітычных партыяў. На час да выбараў спадар Казулін лічыць патрэбным спыніць выкананьне Аляксандрам Лукашэнкам абавязкаў прэзыдэнта. Выконваць гэтыя абавязкі мусіць прэм’ер Сяргей Сідорскі, мяркуе спадар Казулін.

Кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін ня верыць абяцаньням Аляксандра Лукашэнкі “ня помсьціць” сваім канкурэнтам, але не зьбіраецца з-за гэтага зьяжджаць зь Беларусі.

(Казулін: ) “Ведаеце, усё, што кажа Лукашэнка, трэба ўспрымаць наадварот. Памятаеце, ён казаў, што калі хто стаміўся ці супраць — хай выходзіць, мы нават дапаможам працу знайсьці. Яшчэ ніводны, хто сышоў, не пазьбег таго, што залічылі ў здраднікі”.

Паводле Аляксандра Казуліна, тое, што афіцыйна яму на выбарах далі апошняе месца, сьведчыць пра тое, што яго найбольш баяцца. Спадар Казулін перакананы, што дзейны прэзыдэнт не сабраў болей за палову галасоў, а за яго галасавала больш выбарцаў, чым за Аляксандра Мілінкевіча.

На прэсавай канфэрэнцыі выявіліся пэўныя непаразуменьні паміж апазыцыйнымі кандыдатамі. Аляксандар Казулін выказаў зьдзіўленьне тым, што яго запрашаюць далучыцца да дэмакратычнай кааліцыі, “нібыта ён раней ня быў сярод дэмакратычных сілаў”. Таксама спадар Казулін прызнаў, што падчас учорашняга мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў дэмакратаў не было пэўнага пляну мітынгу, і паход на плошчу Перамогі быў ягонай ініцыятывай.

Асобна Аляксандар Казулін выказаў падзяку прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну за тое, што ён нібыта паўплываў на Аляксандра Лукашэнку і не адбылося “кровапраліцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG