Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: "У Беларусі прайшлі не выбары, а неканстытуцыйны захоп улады"


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня заявіў пра непрызнаньне вынікаў учорашніх выбараў.

(Мілінкевіч: ) “Вынікі выбараў мы не прызнаем. У Беларусі прайшлі не выбары, а неканстытуцыйны захоп улады. Цяперашні кіраўнік краіны ня меў права ў іх удзельнічаць. Таму, што ня быў легітымным рэфэрэндум 2004 году, і таму, што, паводле дзейнага заканадаўства Беларусі, Лукашэнка ня меў права на ўдзел у іх. Тыя ўмовы, у якіх прайшлі выбары — яны незаконныя, рэпрэсіўныя. З моманту абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў (празь некалькі дзён) мы будзем лічыць, што ля ўлады ў Беларусі будзе знаходзіцца нелегітымны прэзыдэнт”.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў і ўсе дэмакратычныя краіны сьвету не прызнаваць А.Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі. Спадар Мілінкевіч вылучыў свае патрабаваньні да ўладаў:

(Мілінкевіч: ) “Мы патрабуем паўторных выбараў, пад час якіх будзе выконвацца заканадаўства краіны. Каб у камісіях абавязкова былі прадстаўнікі ад прэтэндэнтаў. Каб не было арыштаў і перасьледу па месцах вучобы й работы. Каб улада адмовілася ад рэжыму рэпрэсіяў пры правядзеньні выбараў”.

Спадар Мілінкевіч падкрэсьліў, што гэтыя патрабаваньні ўлада можа ўлічыць толькі пад ціскам нязгодных з абвешчанымі вынікамі выбараў. Ён заклікаў народ выйсьці ў панядзелак на Кастрычніцкую плошчу Менску. Толькі з дапамогай вуліцы апазыцыя зможа распачаць жорсткі дыялёг з уладай.

Кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін паведаміў, што вынікі выбараў будуць абскарджаны. Спасылаючыся на вынікі апытаньня экзыт-полу расейскага цэнтру “Левада”. Спадар Калякін заявіў, што рэальна А. Лукашэнка атрымаў ня больш за 47 адсоткаў галасоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG