Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: яшчэ аднаго прыхільніка Мілінкевіча пасадзілі на 5 сутак


Радыё Свабода, Віцебск Назіральніка Сяргея Парсюкевіча, якога міліцыянты затрымалі сёньня проста на выбарчым участку, патаемна асудзілі на 5 сутак. Да позьняга вечара ягоная жонка ня ведала, дзе яго шукаць, бо супрацоўнікі міліцыі нічога не казалі пра ягонае месца знаходжаньня.

Спадара Парсюкевіча міліцэйская машына зьвезла з участка №35, што ў Кастрычніцкім раёне. Напачатку затрыманага адвезьлі ў раённы аддзел унутраных справаў, аднак ён пачаў скардзіцца на дрэннае самаадчуваньне, і міліцыянты мусілі адвезьці яго ў шпіталь.

З 16-га сакавіка пенсіянэр МВД Сяргей Парсюкевіч знаходзіўся на бюлетэні, які яму выдалі ў ведамаснай паліклініцы з прычыны абвастрэньня хранічных хваробаў. Таго самага дня ён мусіў зьявіцца ў Кастрычніцкі раённы суд, аднак ня здолдеў зрабіць гэтага.

Сёньня яго судзілі проста ў Кастрычніцкім райаддзеле, куды яго прывезьлі са шпіталі пасьля лекавых працэдураў. Дзяжурны судзьдзя вынес пастанову: 5 сутак арышту за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі – менавіта такое абвінавачаньне было запісана ў міліцэйскім пратаколе, прадстаўленым суду.

Сям''і спадара Парсюкевіча пра ягоны арышт ніхто не паведаміў, а актывістам штабу Мілінкевіча, калі яны прыехалі шукаць свайго аднадумцу ў шпіталі, дактары сказалі, што ён выпісаны дадому. У Кастрычніцкім РАУСе таксама адмаўляліся пацьвердзіць, што тамтэйшыя супрацоўнікі затрымлівалі Сяргея Парсюкевіча.

Толькі позна ўвечары ягоная жонка змагла датэлефанавацца да ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе ёй сказалі, што асуджаны Парсюкевіч знаходзіцца менавіта там.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG