Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежным журналістам чыняцца перашкоды ў працы


Тацяна Поклад, Вільня Асьвятляць хаду выбараў у Беларусі прыехалі каля 1000 журналістаў з розных краінаў. Яшчэ напярэдадні выбараў беларускія афіцыйныя ўлады заявілі, што не гарантуюць бясьпеку замежным журналістам, якія прыедуць у Менск 19 сакавіка. Літоўскія журналісты зь Беларусі паведамляюць сваім рэдакцыям пра перашкоды ў працы і пільную ўвагу да іх з боку беларускіх спэцслужбаў.

З суседняй Літвы, дзе беларускія навіны займаюць першае месца ва ўсіх інфармацыйных выпусках, усе найбуйнейшыя СМІ накіравалі сваіх карэспандэнтаў у Менск. Сёньня літоўскія журналісты, якія здолелі зьвязацца са сваімі рэдакцыямі, паведамляюць, што адчуваюць пільную ўвагу з боку беларускіх спэцслужбаў.

У часе жывога эфіру зь Менску журналістка з групы карэспандэнтаў з Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлевізіі паведаміла таксама пра перашкоды ў сувязі цягам сёняшняга дню. Рута Ланкінінкайце зь Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі распавяла і пра правакацыі, зь якімі давялося сутыкнуцца:

(Ланкінінкайце: ) “Першае, чым з мы сутыкнуліся – у гатэлі, дзе мы спыніліся, інтэрнэт ня дзейнічае. Зь кім мы не размаўлялі, усе замежныя журналісты кажуць, што ў іх тое самае.

Замежным журналістам блякуюць тэлефонную сувязь, яны не могуць зьвязацца са сваімі краінамі. У нашым гатэлі ніводзін тэлефон не дзейнічае. Наконт бясьпекі – у любы момант да замежнага журналіста могуць падыйсьці прадстаўнікі спэцслужбаў, міліцыянты. Часта спраўджваюць дакумэнты. Сёньня беларускі журналіст з БТ спрабаваў нас правакаваць – падыйшоў да нас і пачаў крычаць: “Чаму вы гэдак апранутыя? Чаго вы сюды прыехалі, што вы тут ня бачылі?””

Паводле літоўскай журналісткі, са здымачнай групы Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі, замежныя журналісты ў Беларусі не пачуваюцца ў бясьпецы, і беларускія службы робяць усё магчымае, каб перашкаджаць іх працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG