Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: людзі прастаялі на плошчы Свабоды больш за 3 гадзіны


Радыё Свабода, Віцебск Каля 80 прыхільнікаў апазыцыі адстаялі пад поцным сьнегападам увесь гэты час, яшчэ некалькі дзесяткаў жыхароў Віцебску, падтрымаўшы прысутных, праз колькі часу адыходзілі.

Сустрэча была арганізаваная кіраўніцтвам віцебскага штабу Аляксандра Мілінкевіча. Аднак на плошчу Свабоды прыйшлі самыя розныя людзі, нават прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі – да прыкладу, тутэйшыя прадстаўнікі беларускага аб''яднаньня казакаў, якія таксама папрасілі слова.

(Казак:) “Ціха! Дайце, я скажу! Мы падтрымліваем законна абраную ўладу! Законна абраную ўладу!”

Адна спадарыня, якая прагаласавала сёньня за Лукашэнку, сказала, што прыйшла на плошчу, каб публічна адклікаць свой голас. І дадала, што пасьля гэтае сустрэчы сьмела прагаласавала б за іншага кандыдата.

(Спадарыня: ) “Напэўна, за Мілінкевіча. Вось шкада мне гэтага чалавека, што ён такі разумны, такі добры! Я раней думала, што калі мы абярэм іншага кіраўніка, ды хапужніка якога, дык ён будзе набіваць толькі сабе карманы, а нас ізноў крыўдзіць ва ўсім. А тут я зразумела, што во гэты чалавек быў бы добрым кіраўніком, і ён даў бы нам лепшае жыцьцё!”

Арганізатары сустрэчы спадзяваліся, што змогуць паведамляць жыхарам Віцебску зьвесткі зь Менску, з Кастрычніцкай плошчы. Але мабільная сувязь практычна не працавала.

Праз тры гадзіны, калі ўзьняўся моцны вецер і пачаўся густы сьнегапад, людзі разышліся. Актывісты штабу Мілінкевіча запрасілі ўсіх прыходзіць на Плошчу Свабоды заўтра а 19-й вечара.

Па завяршэньні сустрэчы кіраўнік штабу Хрыстафор Жаляпаў і яшчэ двое арганізатараў мусілі ўцякаць ад міліцыянтаў, якія гналіся за імі на службовых машынах. Абышлося без затрыманьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG