Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нешта падобнае назіралася падчас апошняга рэфэрэндуму Хусэйна"


Радыё Свабода Бліц-экспэртыза "Свабоды". Папярэднія высновы апошняга дня выбарчай кампаніі робяць нашыя аглядальнікі: зь Менску – Валер Карбалевіч, з Прагі – Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) "Валер, да завяршэньня галасаваньня засталося яшчэ паўтары гадзіны, аднак на якія асаблівасьці сёньняшняга волевыяўленьня Вы б зьвярнулі ўвагу?"

(Карбалевіч: ) "Калі казаць пра асаблівасьці хады выбарчай кампаніі, то можна канстатаваць, што цяпер адбылося нечакана больш моцнае супрацьстаяньне ўлады і апазыцыі ва ўмовах больш жорсткага палітычнага рэжыму, які сфармаваны ў Беларусі.

Часам стваралася ўражаньне, што гэта сапраўднае змаганьне за ўладу, а ня толькі імітацыя, як гэта звычайна адбываецца ў Беларусі.

Аднаго кандыдата ў прэзыдэнты білі, распачыналі крымінальную справу, КДБ "раскрыла" змову і падрыхтоўку тэракту.

Мы ўбачылі несхаваны страх уладаў перад рэвалюцыяй. І гэты страх кіраваў шмат якімі дзеяньнямі праваахоўных органаў. Тут і масавыя затрыманьні актывістаў апазыцыі, і імкненьне запужаць патэнцыйных удзельнікаў акцый пратэсту і інш.

А ўсё астатняе, як звычайна: 30% выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова; экзыт-пол “Экоома”, які больш нагадвае піяр на карысьць Лукашэнкі; агітацыя за стабільнасьць (чытай за Лукашэнку) падчас тэлерэпартажу з выбарчых участкаў".

(Вядучы: ) "Юры, а што Вам падалося важным і адметным у сёньняшнім галасаваньні?"

(Дракахруст: ) "Зараз і для ўлады і для апазыцыі мае значэньне толькі тое, што адбудзецца пасьля. Некалькі момантаў: першае – неверагодная яўка на папярэдняе галасаваньне 31%, з кожным галасаваньнем гэтая лічба расьце – на выбарах 2001 году было 14%, на рэфэрэндуме 2004 году – 17%, зараз амаль траціна. Чым больш тых, хто прагаласаваў датэрмінова – тым больш магчымасьцяў фальсыфікацыі.

Другое – экзыт-полы. Мы атрымалі заяву Балтыйскага аддзяленьня Гэлапа, адмыслоўцы гэтага цэнтра заяўляюць, што правядзеньне навукова абгрунтаванага экзыт-полу ў Беларусі гэтым разам немагчыма. У заяве адзначаецца абсалютная некампэтэнтнасьць тых цэнтраў, якія праводзяць экзыт-полы і дадзеныя якіх агучваюцца па БТ задоўга да завяршэньня галасаваньня.

Зьмест гэтых дадзеных – яшчэ адна асаблівасьць. Хутчэй за ўсё прыкладна такімі ж будуць і канчатковыя дадзеныя ЦВК. Паводле іх апазыцыйныя кандыдаты набіраюць лічаныя адсоткі, на другім месцы – Гайдукевіч. У 2001 годзе паводле афіцыйных зьвестак Ганчарык набраў 15%, зараз паводле экзыт-полаў – за Мілінкевіча 3%.

Яшчэ адна асаблівасьць – затрыманьні актывістаў і ператрусы працягваюцца ў дзень галасаваньня.

Усе гэта разам сьведчыць пра тое, што ў Беларусі адбываецца што заўгодна, але толькі ня выбары. Суадносіны рэйтынгаў кандыдатаў ня маюць аніякага значэньня".

(Вядучы: ) "Нагадаю, галасаваньне завершыцца праз паўтары гадзіны. Як можна ахарактарызаваць грамадзкія настроі, якія панавалі і пануюць у Беларусі ў гэтыя гадзіны? Ці шмат людзей гатовыя рабіць нешта большае, чым пайсьці прагаласаваць? Валер, як гэта бачыцца Вам?"

(Карбалевіч: ) Цікава. што мне сёньня тэлефанавалі з-за мяжы і пыталіся, ці будзе рэвалюцыя. Яны казалі, што калі чытаць інфармацыю на інтэрнэт-сайтах пра беларускія выбары, то ўзьнікае адчуваньне, што Беларусь знаходзіцца напярэдадні рэвалюцыі.

Насамрэч, атмасфэра ў Менску спакойная і зусім не рэвалюцыйная. Стварэньню такога ўражаньня у замежнікаў вельмі дапамаглі беларускія ўлады. Афіцыйныя асобы Беларусі, у тым ліку Лукашэнка, старшыня КДБ Сухарэнка, а таксама дзяржаўныя мэдыі рэтрансьлявалі і павялічылі заклікі апазыцыі выйсьці на вуліцу. І цяпер, дзякуючы ўладам, амаль кожны чалавек у Беларусі ведае, што ў Менску магчымыя нейкія ўзрушэньні.

Магчыма, улады і запужалі пэўную частку патэнцыйных удзельнікаў пратэсту, простых абыватэляў, але адначасова разбурылі міт аб стабільнасьці ў краіне. Улады моцна спужаліся самі і запужалі грамадзтва. І цяпер замест чарговага руціннага перавыбраньня Лукашэнкі ў шэраговага выбаршчыка прэзыдэнцкія выбары будуць асацыявацца з чаканьнем нейкага катаклізму".

(Вядучы: ) "Юры, на Ваш погляд, чым цяперашнія выбары адрозьніваюцца ад папярэдніх 2001 году і ад апошняга галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме ў 2004 годзе?"

(Дракахруст: ) "Улада ставіць на мэце не перамагчы ў электаральным спаборніцтве, а цалкам зьнішчыць апазыцыю – па меншай меры палітычна і маральна.

Адсюль і фантастычныя вынікі экзыт-полаў, якія насуперак закону агучваюцца па тэлебачаньні і паток пагрозаў, які не спыняецца і сёньня.

Гледзячы па ўсім, улады разьвіталіся з думкай, што вынікі галасаваньня будуць хоць у якой форме прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Мэтай робіцца дэманстрацыя маналітнасьці, менавіта пра маналітнасьць казаў сёньня Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку.

Нешта падобнае назіралася падчас апошняга рэфэрэндуму Садама Хусэйна, калі ў галасаваньні ўзялі ўдзел 100% грамадзянаў і кожны зь іх прагаласаваў “за”".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG