Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны маніторынг: за Лукашэнку – рэкордныя 84,2%


Радыё Свабода Новыя дадзеныя экзыт-полаў агучаны дзяржаўнымі cродкамі масавай інфармацыі. Экспэрты аналітычнага цэнтру “Экоом” сьцьвярджаюць, што, паводле зьвестак на 12 гадзін 19 сакавіка, 84,2% апытаных пры выхадзе з выбарчых участкаў аддалі свае галасы за дзейнага кіраўніка краіны.

На другое месца — падаюць афіцыйныя сацыёлягі — перасунуўся Сяргей Гайдукевіч: за яго нібыта прагаласавалі 3,1%. Трэці — Аляксандар Мілінкевіч (2%). Аляксандар Казулін ня мае й таго — ён здолеў набраць толькі 1,9%. Пры гэтым, паводле дадзеных аналітычнага цэнтру “Экоом”, супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 8,8% выбарцаў — больш, чым за трох апанэнтаў Лукашэнкі разам.

Афіцыйныя прамежкавыя вынікі пракамэнтавалі ў камандах кандыдатаў. Гаворыць Аляксей Кароль, сябра штабу кандыдата Аляксандра Казуліна:

(Кароль: ) “Усё робіцца паводле агучанай схемы — з выхадам на 78% “за” Лукашэнку. Цягам усёй кампаніі афіцыйныя структуры давалі другое месца Гайдукевічу, трэцяе — Мілінкевічу, чацьвёртае — Казуліну. Гэта прыкладна тая ж схема, што “працавала” ў праграме “Выбор” на канале ОНТ. Але там за Лукашэнку было 78%. Але 84% — любімая лічба ўсіх выбараў”.

Ад штабу Аляксандра Мілінкевіча сытуацыю пракамэнтаваў намесьнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр.

(Альфэр: ) “Гэта абсалютны піяр. Дарэчы, з парушэньнем Выбарчага кодэксу. Бо сёньня сацыялягічныя дадзеныя нельга ўвогуле выдаваць. Зразумела, дзеля чаго гэта робіцца. Каб апраўдаць вынікі, якія яны зьбіраюцца агалосіць. У сярэднім па краіне прагаласавала 31% датэрмінова (а насамрэч, можа, і больш бюлетэняў у гэтыя скрыні было кінута). На сёньняшні дзень пры 85-працэнтнай яўцы (з улікам датэрміновага галасаваньня і пры 100-працэнтнай замене бюлетэняў) 55% аўтаматычна — гэта працэнты Лукашэнкі. Як гаворыцца, выбары зрабілі штучна, і іх ужо можна было не праводзіць”.

Паводле дадзеных на 10.00 раніцы, колькасьць тых, хто галасаваў за Лукашэнку, складала 83%.

Цэнтравыбаркам паведаміў: выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся — да 14.00 прагаласавала больш за 50% беларускіх выбарнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG